Маўклівыя пратэсты – другі сезон (он-лайн)


Акцыя скончылася без затрыманняў. У большасці гарадоў на месцы збору людзі не выйшлі альбо толькі па некалькі чалавек. У Менску некалькі соцень удзельнікаў напрыканцы пачалі пляскаць у ладкі, пасля чаго разышліся. Пакуль невядома, ці будзе наступная акцыя пратэсту і калі.

20:01
Апладысменты цягнуліся каля 10 хвілінаў. Некаторыя ўдзельнікі акцыі скандавалі “Пераменаў”. Пляскалі ў ладкі людзі самых розных узростаў. Жанчына, з якой гутарыла нашая карэспандэнтка, сказала, што прыходзіць на акцыі пратэсты таму, што “хоча, каб яна і ейныя дзеці жылі ў іншай краіне”.

19:53
Каля “МакДоналдсу” каля 50 чалавек пачалі пляскаць. Людзі ў цывільным здымаюць іх на камеры ва ўпор. Пакуль затрыманняў няма, апладысментаў усё болей.

19:43
Некалькі дзясяткаў чалавек пачалі нясмела пляскаць у адказ на сігналы аўтамабілістаў, але калі ў іхні бок накіраваліся працаўнікі міліцыі, удзельнікі акцыі спыніліся

19:41
Пінск. Міліцыянты ачапілі плошчу. А 18:45 на яе тэрыторыю забаранілі уваход людзям і заблакавалі праезд аўтатранспарту. Тлумачыцца гэта “спецмерапрыемствам”. Акрамя таго, міліцыйныя патрулі – на ўсіх прылеглых вуліцах.

19:38
Гарадзеншчына. У Лідзе, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку і мястэчку Бярозаўка, дзе меліся прайсці акцыі пратэсту, сёння ніхто не прыйшоў. У кожным з гэтых паселішчаў на плошчах і цэнтральных вуліцах дзяжураць толькі людзі ў цывільным.

19:35
Берасце. У цэнтры гораду сабрАліся каля паўсотні чалавек. Гуляюць па праспекце Машэрава – ад вуліцы Савецкай да бульвару Касманаўтаў. Міліцыя правярае дакументы, але паводзіць сябе карэктна, нікога не затрымлівае.

19:27
Каля “Макдональдсу” каля некалькі сотняў людзей. Відавочна, што гэта ўдзельнікі акцыі. Збольшага яны проста стаяць і размаўляюць. На праспекце вельмі шмат раварыстаў. Міліцыянеры і працаўнікі ў цывільным, пакуль не ўмешваюцца і затрыманняў не праводзяць.

19:24
Удзельнікі акцыі ў разгубленасці. Паводле плану, апладысменты не прадугледжваюцца. Як напісалі арганізатары, “пляскаць у ладкі ды выкрыкваць лозунгі толькі ў выпадку, калі вы гатовыя да затрымання”.

19:15
Салігорск. На маўклівую акцыю выйшлі толькі некалькі чалавек. Міліцыя сумуе ў машынах.

19:08
Міліцыя просіць журналістаў разысціся – маўляў, перашкаджаюць праходзіць людзям. А пешаходаў становіцца ўсё болей, каля “МакДоналдсу” аўтамабілісты сігналілі мінакам, тыя пляскалі ў ладкі ў адказ. Гэта доўжылася літаральна паўхвіліны.

18:55
На праспекце людзей больш, чым звычайна гэтым часам. Шмат хто паглядае на гадзіннікі. Службоўцы ў цывільным – таксама.

18:50
На месца правядзенне акцыі прыйшоў намеснік начальніка менскай міліцыі Ігар Яўсееў.

18.48.
Гомель. Пяцёра працаўнікоў міліцэйскага спецназу затрымалі апазіцыйнага актывіста Канстанціна Жукоўскага. Яны схапілі Канстанціна і закрылі яму рот рукамі, закінулі ў службовы аўтамабіль і вывезлі ў невядомым кірунку.

У дварах ля гомельскага цырку, дзе мае адбыцца акцыя, знаходзіцца некалькі машынаў са спецназаўцамі.

18:35
З’явіліся і аператары ў цывільным. Яны стаяць па ўсім праспекце Незалежнасці праз кожныя 20 метраў.

18:25
Па праспекце Незалежнасці шпацыруюць людзі ў цывільным з навушнікамі. На вуліцы Кастрычніцкай яны па некалькі чалавек стаяць ля слупоў. За Нацбанкам іхныя калегі ў форме чакаюць пачатку акцыі ў аўтобусе. За Палацам Рэспублікі для ўдзельнікаў падрыхтаваныя два пустыя аўтобусы і некалькі мікрааўтобусаў.

На першай пасля доўгага перапынку акцыі маўклівых пратэстаў, арганізатары выставілі ўладам 9 патрабаванняў.

1. Гарантыя недатыкальнасці ўкладаў і зберажэнняў грамадзянаў.
2. Індэксацыя заробкаў, пенсіяў і дапамог паводле стану на травень 2010 года і рынкавага курсу беларускага рубля.
3. Курс Нацбанку мусіць фармавацца ў адпаведнасці з рынкавым коштам, а не праз біццё кулаком па стале.
4. Шырокая і адкрытая грамадская дыскусія аб эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне – дэбаты ў дзяржаўных СМІ з удзелам прадстаўнікоў улады, апазіцыі, экспертаў і эканамістаў.
5. Неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных.
6. Спыненне рэпрэсіяў у дачыненні палітычных апанентаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў.
7. Рэальныя дзеянні дзеля выратавання беларускай мовы.
8. Увядзенне ільготнага або бясплатнага праезду на грамадскім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў усёй рэспублікі, а не толькі Менску.
9. Свабодны продаж валюты без дакументаў і рэгістрацыі ўгоды куплі–продажу.

belsat.eu

Стужка навінаў