Сумняешся ў афіцыйнай версію тэракту? Трапіш у “Навінкі”


Прынамсі так сталася з бацькам Інэсы Крутой, адной з пацярпелых пад час тэракту ў менскім метро.

Аляксандр Крутой рэпрэзентаваў інтарэсы дачкі на судовым працэсе над магчымымі тэрарыстамі. Яго затрымалі напярэдадні ўвечары, а 20:00 ён здолеў патэлефанаваць дачцэ і паведаміў, што знаходзіцца ў Маскоўскім РУУСе. Прычыназ арышту міліцыянты дагэтуль не агучваюць. Але як стала вядома Інэсе Крутой, сёння ейнага бацьку звезлі ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі”.

Спадарыня Крутая ўпэўненая, што гэта помста за прынцыповую пазіцыю бацькі падчас суда: “Я не хачу, каб у тым ліку і пры маёй дапамозе забілі гэтых хлопцаў. Бо і я, і мой бацька не верым, што яны здзейснілі гэтае злачынства. Бацька як мог спрабаваў абараняць хлопцаў у судзе”. Менавіта Аляксандру Крутому належала хадайніцтва аб пераносе суда да вырашэння пытання аб адмене ў Беларусі смяротнай кары, стварэнні інстытуту прысяжных і ўвядзення іх у працэс. “Цяпер яго завезлі ў “Навінкі”, вельмі своечасова для суда – вам не здаецца?”

Сёння напрыканцы судовага паседжання Інэса Крутая спрабавала агучыць хадайніцтва прыпыніць працэс да таго час, пакуль ейнага бацьку не дапусцяць у суд у якасці ейнага прадстаўніка. Суддзя Федарцоў груба перарваў яе і заявіў, што заслухае пацярпелую заўтра, узяць пісьмовую заяву ён таксама адмовіўся і дэманстратыўна пакінуў залу суда. Інэса Крутая гаворыць, што заўтра праз стан здароўя наведаць суд яна дакладна не зможа – жанчына дрэнна пачуваецца, да таго ж медыкі забаранілі ёй нервавацца, што выканаць у такіх умовах амаль неймаверна.

У размове з “Белсатам” Інэса Крутая таксама паведаміла, што падчас ейнага перабывання ў шпіталі ды падчас вядзення следства на яе моцна ціснулі.

У сваю чаргу кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова таксама гаворыць, што з прыватных размоваў з пацярпелымі даведалася: шмат каго з іх выклікалі на начныя размовы са следчымі. “Я была на шмат якіх судах, але нават на палітычных працэсах не бачыла настолькі запалоханых людзей, як пацярпелыя ад выбуху ў метро. Відавочна, што людзей “накруцілі” да такога стану, што яны баяцца размаўляць не толькі з журналістамі, а нават са звычайнымі людзьмі”, – зазначае праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары