Лябедзька: Глеба для візіту Ермаковай падрыхтаваная


«Пакідаю Вашынгтон з пачуццём выкананага грамадзянскага абавязку», – напісаў палітык на сваім профілі ў «Facebook».

21 верасня закончыўся візіт старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў ЗША, паведамляе сайт прыхільнікаў партыі. Папярэднія вынікі ён падвёў на сваім профілі ў «Facebook».

«Ну, вось і ўсё, апошняя сустрэча прайшла. Можна расшпіліць верхні гузік і паслабіць вузел гальштука, – піша лідар АГП. – Пакідаю Вашынгтон з пачуццём выкананага грамадзянскага абавязку. Кангрэсмены пішуць лісты падтрымання палітвязням, сенатары рыхтуюць лісты Лукашэнку і выступы ў Сенаце, Акт аб падтрыманні дэмакратыі паскарае сваё праходжанне па бюракратычных інстанцыях, глеба для візіту дэлегацыі на чале з Ермаковай падрыхтаваная. І калі самалёт уваткнецца носам у нябёсы, можна і паспаць!»

20 верасня стала вядома, што група беларускіх чыноўнікаў на чале са старшынёю праўлення Нацыянальнага банку Надзеяй Ермаковай накіроўваецца ў Вашынгтон. Такое рашэнне зацвярджае пастанова Савету Міністраў № 1227 ад 15 верасня, апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.

Камандзіроўка працягнецца з 21 да 25 верасня. Мэту яе ў дакуменце ў адкрытым доступе не паказалі. У гэтыя дні ў Вашынгтоне адбудзецца штогадовы сход кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банку.

Урад і Нацбанк Беларусі разлічваюць на новую праграму крэдытнай супрацы з МВФ. «Як мяркуецца, вызначалася сума крэдыту памерам 5–8 мільярдаў даляраў. Але, магчыма, нам такія грошы і не спатрэбяцца. Гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы дзеянні», – заявіла Надзея Ермакова 17 верасня, дадаўшы, што фонд ужо ўхваліў апошнія дзеянні ўраду для выхаду на адзіны курс.

belsat.eu

Стужка навінаў