Міхаіл Залескі: Кошты будуць павышацца «да ўпору»


«Улады зноў павышаюць кошты таму, што ўсе гэтым задаволеныя. Насамрэч, ці мы бачым якія-небудзь арганізаваныя пратэсты? Людзі звяртаюцца ў прафсаюзы, у Адміністрацыю прэзідэнта? Не, нічога гэтага няма. Ніхто не звяртаецца, ніхто не лямантуе, усе спакойненька ходзяць па крамах, купляюць за тое, за што прадаюць. Значыцца, ёсць яшчэ рэзерв», – заяўляе эканаміст Міхаіл Залескі.

У Беларусі 20 верасня павысілі адпускныя кошты на хлеб, малочную прадукцыю і мяса. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства эканомікі № 153 ад 19 верасня 2011 г., апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Апошні раз адпускныя кошты на хлеб і малочную прадукцыю павышаліся на 5 % на пачатку верасня, на мяса на 10 % – напрыканцы жніўня.

Паводле Міхаіла Залескага, аб’ектыўныя прычыны для павышэння коштаў існуюць, але дзеюць яны не ў такой ступені і не наўпрост. Паводле разлікаў адмыслоўцаў, рост коштаў на энерганосьбіты на 10 % дае 1 % агульнага прыросту цэнаў на спажывецкія тавары. «Там ёсць перадатачныя механізмы: заводы спажываюць паліва, ацяпленне і гэтак далей, а потым гэта ўжо адлюстроўваецца на аграрных цэнах. А каб кошты раслі «ў разы» літаральна за месяц – няма такіх прычынаў. Мы што, сталі ў 10 разоў больш спажываць імпартных тавараў з Расеі ці глабальна змянілі кошты на нафту? Нічога такога не адбываецца, таму і сітуацыя выглядае парадаксальна», – заўважае Залескі.

Паводле эканаміста, цэны ў краіне будуць узрастаць дастаткова рэзка і «больш за тое, павышаць будуць «да ўпору», пакуль не адчуюць, што ўжо ўсё, уперліся ў сценку, калі ўжо людзі не змогуць вытрымліваць».

«Заўсёды ад такіх павышэнняў на харчовыя прадукты цярпяць найбольш бедныя слаі насельніцтва. Калі звярнуцца да структуры сямейных бюджэтаў, напрыклад, у беднай сям’і траціцца 90 % сямейнага бюджэту на прадукты харчавання, камунальныя паслугі, застаецца толькі 10 % на нейкія выпадковыя пакупкі. Гэты бюджэт ужо нельга памяняць, рэструктураваць. Трэба разумець, што ў Беларусі 80 % бедных, 9 % сярэдніх, 1 % багатыя, а астатнія 10 % – гэта ўжо зусім няшчасныя. Яны ўжо і цяпер не могуць даць сабе рады», – кажа спецыяліст.

«Рост коштаў у Беларусі пры той сітуацыі, што склалася, спыніць немагчыма. Ёсць толькі два спосабы, што з гэтым могуць зрабіць людзі. Першы – гэта працаваць болей і лепей і працягваць купляць незалежна ад коштаў, а другі – гэта меней есці», – зазначыў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў