Дэфіцыт рублёў скончыўся


Праблемаў з наяўнасцю беларускіх рублёў у банках і абменніках не засталося. Толькі праз тыдзень банкі здолелі даць рады дзіўнай сітуацыі, калі людзі не маглі здаць долары і еўры. Дапамагло гэтаму і рэзкае падзенне попыту на рублі, пасля таго як апусціўся курс куплі долара: людзі пачалі здаваць менш валюты.

Выглядае на тое, што дэфіцыт рублёў быў непрыемнаю нечаканасцю і для кіраўніцтва Нацбанку. Яшчэ 16 верасня ўсе банкі атрымалі ліст, падпісаны Надзеяй Ермаковай. У ім кіраўніца Нацбанку звяртае ўвагу на «неабходнасць своечасова падмацоўваць абменныя пункты, касы наяўнымі грашовымі сродкамі цягам усяго працоўнага дня для ажыццяўлення валютна-абменных аперацыяў у аб’ёмах, неабходных для іх бесперабойнай працы».

Незалежныя эканамісты не думаюць, што дэфіцыт рублёў быў штучна створаны ўладамі. Былы старшыня праўлення Нацбанку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што банкі не здолелі зарыентавацца ў сітуацыі. «Я думаю, што дэфіцыт рублёў – гэта недапрацоўка банкіраў. Яны чакалі, што рэзка павялічыцца попыт на рублі, – тлумачыць ён. – Відаць, проста памыліліся з разлікамі. Калі чакаецца сезоннае павелічэнне попыту, напрыклад, выплата заробкаў, банкі загадзя замаўляюць грошы ў Нацбанку. Цяпер гэта было зроблена са спазненнем».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары