За што знялі Васілевіча?


Менавіта адстаўнога генпракурора могуць зрабіць вінаватым у наяўнасці палітвязняў і магчымым развале справы аб выбуху ў менскім метро – мяркуе былы следчы Генеральнай пракуратуры Алег Волчак.

«Генеральны пракурор Васілевіч ужо даўно збіраўся ў адстаўку – са студзеня-лютага. Але яго трымалі. Апошнім штрыхам сталася крымінальная справа па тэракце, якая цягам гэтых трох дзён, я мяркую, рассыпаецца: раней нас пужалі, што ёсць арганізаваная банда тэрарыстаў, але аказалася, што зусім не зразумела, хто зрабіў гэтую бомбу, хто гэта зрабіў. Я лічу, што гэта асноўнае, што сталася прычынаю для прэзідэнта адправіць Васілевіча ў адстаўку», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» Алег Волчак.

Учора стала вядома, што Лукашэнка вызваліў ад пасады генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што былы генпракурор пераходзіць «на іншую працу» ды «з абоймы не выпаў». «Ён чалавек не чужы, і я гэта хачу наўпрост сказаць, каб ніхто не думаў, што Рыгор Васілевіч тут кепскі быў для прэзідэнта. Не, гэта наш чалавек, чалавек адданы нашай дзяржаве», – заявіў Лукашэнка.

Тым часам Алег Волчак не выключае, што генпракурор можа зрабіцца ахвярнаю фігураю ў гульні Лукашэнкі з Захадам. «Цяпер адбываюцца патаемныя перамовы з Еўропаю са спробаю наладзіць дыялог і паказаць, што палітзняволеныя былі па віне генпракурора, які «недаглядзеў». Маўляў, я тут ні пры чым, гэта яны так кепска правялі следства, засудзілі, – гаворыць былы следчы. – Апошняя ж «даважка» – гэта тое, што калі былі маўклівыя акцыі, генпракурор дазволіў сабе пэўную дэмакратычнасць у адносінах да журналістаў і мірных грамадзянаў. Ягоныя выказванні не былі такімі жорсткімі, наадварот, ён нават тлумачыў правы міліцыі – як яна мусіць сябе паводзіць з грамадзянамі».

belsat.eu

Стужка навінаў