Лівійскія паўстанцы сцягваюць танкі ды артылерыю да Сырту


Прыхільнікі лівійскай Нацыянальнай пераходнай рады маюць намер неўзабаве ўзяць пад кантроль родны горад Кадафі. Дзеля гэтага да Сырту сцягваюцца танкі ды цяжкая артылерыя.

Сырт застаецца адным з нешматлікіх месцаў у Лівіі, якога не кантралююць сілы паўстанцаў. Ён месціцца за 450 км ад Трыпалі, тут жыве каля 100 000 чалавек. Пасля прыходу да ўлады Кадафі зрабіў тут фактычна другую сталіцу Лівіі.

Паўстанцы прадэманстравалі журналістам адзін з танкаў, што быў адбіты ў прыхільнікаў Кадафі. “Гэта танк тырана, ён выкарыстоўваў яго, каб забіваць дзяцей Місраты. З намі Алах, і з ягонаю дапамогаю мы арыштуем іншага злачынцу – сына Кадафі Саіда”, – заявіў адзін з паўстанцаў.

Горад Сырт мае стратэгічнае значэнне, тут месцяцца аэрапорт і вайскова-паветраная база. Вайсковы аэрадром быў абстраляны сіламі НАТО на самым пачатку лівійскага канфлікту.

belsat.eu

Стужка навінаў