Латвія: стартавалі гонкі на «Волгах»



У нядзелю 18 верасня на Бікерніекскай трасе ў Рызе адбыліся гонкі на кубак “Бурштынавая Волга – 2011”. У заездах удзельнічалі два дзясяткі аўтамабіляў ГАЗ-24 “Волга”, сярод якіх цалкам камфортна пачувалася і больш сталая мадэль – ГАЗ-21.

Першы кубак “Бурштынавая Волга” адбыўся ў 1964 г., калі ў Мэжапарку прайшлі першыя спаборніцтвы на серыйных “Волгах” – гэтых амаль недаступных простаму савецкаму чалавеку аўтамабілях. Пазней, у 1968 г., пасля пабудовы Бікерніекскай трасы, кубак разыгрываўся на ёй. Спаборніцтвы заўсёды прыцягвалі шмат гледачоў, у некаторыя гады збіраючы каля 100 000 чалавек. У незалежнай Латвіі кубак “рэанімавалі” – першыя спаборніцтвы пасля 19-гадовага перапынку адбыліся летась.

У нядзелю было заўважна, што кубак ажывае – ён стаў міжнародны. Акрамя латвійскіх рэйсэраў у спаборніцтвах удзельнічалі эстонцы, расейцы, беларусы. Інтарэс з боку гледачоў быў вялізны, і захапляльная барацьба на трасе цалкам апраўдала чаканні аматараў гонак. Часам напругі не вытрымлівала тэхніка, а зрэдку самыя рэйсэры ў запале барацьбы не давалі рады кіраванню сваімі рэтрамабілямі ды нават выляталі з трасы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары