«На гародніну» з бюджэту выдаткуюць 1,7 трлн руб.


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны назвала катэгорыі грамадзянаў, якім акажуць грашовую дапамогу.

На пачатку кастрычніка 500 000 руб. на закуп гародніны атрымаюць: непрацоўныя пенсіянеры; бацькі, якія атрымліваюць дапамогу для дагляду за малым дзіцем ці дзіцем-інвалідам; працаўнікі бюджэтнай сферы, а таксама былыя працаўнікі сілавых структураў (каля 90 000 чалавек) – іх вылучылі ў асобную групу.

Паводле міністра Марыяны Шчоткінай, арганізацыям прыватнай формы ўласнасці “рэкамендавана выдаць дадатковыя прэміі сваім працаўнікам, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў кампаніі”.

Грошы пачнуць выдаваць на пачатку кастрычніка, аднак шмат якім працаўнікам на прадпрыемствах ужо далі зразумець, што пасля атрымання 500 000 руб. разлічваць на іншую матэрыяльную дапамогу не выпадае. Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначае, што грошы на такую дапамогу звычайна загадзя закладаюць у асобны фонд бюджэту. Аднак, як і большасць незалежных экспертаў, ён мяркуе, што іх выдаванне мае на мэце супакоіць народ, даць веру ў тое, што дзяржава мае сродкі працягваць сацыяльна арыентаваную палітыку. “Тым часам катэгорыя асобаў, якім даецца матэрыяльнае падтрыманне, увесь час скарачаецца. І разам з гэтым ідзе абясцэньванне нацыянальнай валюты. 500 000 руб. сёння – гэта не больш за 60 долараў”.

belsat.eu

Стужка навінаў