Стыпендыі студэнтам падвысілі прамінулым днём


Пра тое, што стыпендыі вырастуць на 30% з 1 лістапада, стала вядома толькі ўчора.

Рашэнне прынялі прамінулым днём. За гэты год стыпендыі павялічвалі ўжо двойчы. Новага падвышэння не планавалася. Паводле намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура, зрабіць гэта вырашылі ўслед за падвышэннем пенсіяў, мінімальнага заробку і бюджэту пражытковага мінімуму.

Такім чынам, сёння беларускія студэнты штомесяц будуць атрымліваць ад Br 148 тыс. да Br 237 тыс. Дарэчы, ва Украіне і Расеі фінансавая дапамога дзяржавы студэнтам трымаецца прыкладна на тым жа ўзроўні. У Польшчы ды Літве стыпендыі ў 5 разоў большыя.

Эканаміст Ігар Пеліпась лічыць падвышэнні выплатаў слаба забяспечаным слаям насельніцтва (пенсіянерам, інвалідам, студэнтам) перад выбарамі – тыповаю мадэллю паводзінаў уладаў Беларусі: «Сёння ім трэба зацікавіць студэнтаў, каб тыя паверылі ў росквіт дзяржавы праз уласнае ўзбагачэнне на пару тысячаў. Гэта прымітыўны метад, але часта ён спрацоўвае, бо большасць студэнтаў забываюцца на ранейшыя абяцанні ўраду».

Эксперт нагадвае, што напрыканцы 2005 года – напярэдадні выбараў – Лукашэнка паабяцаў давесці стыпендыю да 30% ад сярэдняга заробку ў краіне, то бок да $80–100 у месяц. Аднак нават пасля нечаканага апошняга падвышэння яна не перавысіць $65.

belsat.eu

Стужка навінаў