Мікалая Статкевіча з хвораю рукою і зламанаю рабрынаю выпраўляюць на працу


Палітвязень патэлефанаваў бацьку Віктару Статкевічу і дачцэ Ганне. Як паведаміла “Белсату” грамадзянская жонка палітвязня Марына Адамовіч, размовы былі вельмі кароткія, не больш за хвіліну. Калі бацьку зняволены экс-кандыдат на прэзідэнта пра сябе амаль нічога не распавядаў, верагодна, каб не хваляваць яго, то дачцэ Ганне паведаміў, што яго зноўку выпраўляюць на працу.

“Гіпс знялі, але, як мы зразумелі, рука яшчэ баліць, баліць і рабрына – якая, відаць з усіх сімптомаў, таксама зламаная. Між тым, адміністрацыя калоніі збіраецца перавесці Мікалая на верхнія нары. Ён сказаў, што са сваімі траўмамі туды дакладна не залезе, таму давядзецца, відаць, спаць седзячы. Пасля гэтай фразы размова адразу ж перарвалася”, – распавядае Марына Адамовіч. Сама жанчына амаль два месяцы не мае ніякіх звестак ад Мікалая Статкевіча, у спатканнях з ім спадарыні Марыне таксама адмаўляюць на той падставе, што іхны шлюб афіцыйна не зарэгістраваны.

Падчас наведвання Шклоўскай калоніі магілёўскімі праваабаронцамі кіраўнік спецустановы Сяргей Ермаліцкі паабяцаў, што гэтае пытанне хутка будзе развязанае – што ў Шклоўскім ЗАГСе гатовыя зарэгістраваць шлюб. Марына Адамовіч называе словы кіраўніка калоніі хлуснёю. Яна гаворыць, што падавалі ўжо некалькі заяваў на рэгістрацыю шлюбу, але ўсе яны з тых ці іншых прычынаў адхіляліся. “Апошні раз пісьмова звярталіся 11 жніўня, але гэтая заява бясследна знікла. Ідзе мэтанакіраваны здзек, супрацьдзеянне і пагарджанне ўсімі нормамі – як юрыдычнымі, гэтак і чалавечымі”, – абураецца Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў справе 19 снежня на 6 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне палітык адбывае ў Шклоўскай калоніі. Дасылаць лісты вязню можна на адрас: 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, ПК № 17.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары