Млын у «Дудутках» зноў працуе


Можна лічыць, што млын – візітоўка музею ў Дудутках. Ён сустракае гасцей яшчэ на пад’ездзе да комплексу. Гэта адзіны ў Беларусі цалкам працаздольны вятрак. Ён быў пабудаваны ў 1903–1905 гг. братамі Міхаілам ды Іванам Паляковымі ў Бярозаўцы Кармянскага раёну Гомельскай вобласці. Аб’ект адносіцца да збудаванняў шатровага (галандскага кшталту). З ініцыятывы заснавальніка музею Яўгена Будзінаса ў чэрвені 1992 г. млын быў вывезены на тэрыторыю “Дудутак”, адноўлены брыгадаю цесляроў Віктара Карачуна пад кіраўніцтвам архітэктара Сяргея Сергачова і мастака Барыса Цітовіча.

17 верасня ў музеі адбыўся фестываль “Рок-млын”. Усе грашовыя сродкі, сабраныя падчас фестывалю, вырашылі перадаць на аднаўленне часткі музею, пацярпелай ад пажару 10 верасня. Хоць першапачаткова рок-свята меркавалі прысвяціць старому млыну, што месціцца на тэрыторыі музею. Сёлета стары млын удалося адрэстаўраваць, і цяпер наведнікі могуць агледзець усе яго механізмы.

“Сёння мы ўжо здаем гэты аб’ект – адноўлены ў ранейшым выглядзе. Памянялі толькі ашалёўку, а ўнутраная канструкцыя захавалася. Усе дэталі, механізмы млыну – драўляныя. Мы стараліся толькі ўмацаваць, захаваць, выкарыстоўвалі сучасныя матэрыялы, каб нашыя нашчадкі пабачылі яго працу”, – кажа гаспадыня млыну і хаты завозніка Святлана Багель.

“Гэта была планавая рэканструкцыя, мы працавалі над гэтым цягам двух-трох гадоў, сродкаў не хапала, бо гэта дарагая рэканструкцыя. Увесь унутраны механізм млыну разбіраўся і збіраўся нанова. На сёння ўсё гэта ў сабраным выглядзе круціцца і працуе. Пакуль лопасці млыну затрыманыя, мы даем магчымасць зайсці людзям усярэдзіну, пабачыць увесь механізм. А ўжо калі яны пачнуць круціцца, згодна з тэхнікаю бяспекі мы ўсярэдзіну нікога пусціць не зможам. Таму пакуль ёсць магчымасць, трэба з яе скарыстацца”, – гаворыць Святлана.

“Замянілі ашалёўку млыну, крыжавіну, што месціцца на гарызантальным вале, прасякнулі біясептыкам усе дэталі, пераважна крылы. Гэты аб’ект дастаткова дарагі, каб захоўваць яго ў добрым стане, але ж і ўнікальны. Гэта адзіны ў краіне старажытны млын, які захаваўся, працуе, на якім можна малоць муку”, – распавёў працаўнік музею Мікалай Маковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў