Андрэй Пачобут: Суд быў фармальнасцю


Пазіцыя пракуратуры: “Калі б суд выклікаў сведкаў, якіх патрабаваў Пачобут, працэс пераўтварыўся б у шоу”.

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйнай скаргі карэспандэнта польскай “Газэты Выборчай” Андрэя Пачобута на вырак Ленінскага суда Горадні. 5 ліпеня суд прызнаў журналіста вінаватым на падставе ч. 1 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта) Крымінальнага кодэксу за шэраг артыкулаў з крытыкаю ўладаў. Пачобута асудзілі на 3 гады зняволення з адтэрмінаваннем на 2 гады. Судовы працэс быў закрыты.

Паводле Пачобута, абласны суд не прыняў да ўвагі выкладзеных у ягонай касацыйнай скарзе фактаў, якія сведчылі аб працэсуальных парушэннях падчас расследавання ягонай крымінальнай справы. Сярод іншага, не было задаволенае хадайніцтва журналіста аб выкліку ў суд некаторых сведак, у тым ліку экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Пракурор заявіў, што гэта можа “ператварыць працэс у балаган”, распавёў Пачобут.

Пры абскарджанні вынесенага яму прысуду гарадзенскі журналіст збіраецца прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, а затым падаць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. “Беларуская судовая сістэма не ёсць незалежнаю, таму цяжка чакаць аб’ектыўнасці пры разглядзе справы пра нібыта паклёп на Лукашэнку”, – падкрэсліў Андрэй Пачобут.

belsat.eu
https://youtu.be/JteqyZtih_s

Глядзі таксама
Каментары