Канавалаў адмовіўся адказваць на пытанні ў судзе


Галоўны абвінавачаны ў справе аб выбуху ў менскім метро Дзмітрый Канавалаў адмовіўся даваць паказанні ў судзе, спасылаючыся на канстытуцыйнае права не сведчыць супраць сябе.

Аляксандр Федарцоў, які старшынюе ў судзе, паведаміў, што ў гэтым выпадку суд заслухае пратаколы допыту Канавалава з папярэдняга следства ды прагледзіць відэазапісы допытаў.

Дзмітрый Канавалаў таксама адмовіўся адказваць на пытанні пасля агалошвання матэрыялаў папярэдняга следства.

У судзе быў зачытаны першы пратакол, паводле якога Канавалаў прызнаўся, што сам зрабіў выбуховае прыстасаванне, прыехаў з ім у Менск, каля 18:00 спусціўся на станцыю метро “Фрунзенская”, даехаў да “Купалаўскай”, перайшоў на станцыю “Кастрычніцкая” і ўзарваў выбухоўку. Паводле пратаколу допыту, у сталіцу Канавалаў прыехаў здзейсніць тэракт, а мэтаю злачынства была спроба дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі.

Абвінавачаны таксама прызнаўся ў тым, што 3 ліпеня ён зрабіў два выбуховыя прыстасаванні, адно з якіх падарваў падчас святкавання Дня Незалежнасці. Пазней ён пайшоў па другую выбухоўку, якую таксама прынёс на святкаванне, аднак бомба не спрацавала. Канавалаў таксама прызнаўся, што ажыццявіў два выбухі ў Віцебску.

belsat.eu

Стужка навінаў