У Беларусі ад 20 верасня павышаныя адпускныя кошты на хлеб, малочную прадукцыю і мяса. Такое рашэнне прынятае пастановаю Міністэрства эканомікі № 153 ад 19 верасня 2011 г., апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
“Дадаткова з 20 верасня павышаюцца максімальныя адпускныя кошты на хлеб жытні, пшанічна-жытні, батоны і булачкі з пшанічнай мукі няздобныя вагою 300 грамаў і больш, малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака тлустасцю да 3,5 % уключна, смятану тлустасцю да 25 % уключна, тварог тлустасцю да 9 % уключна, без смакавых дадаткаў і напаўняльнікаў – да 10 %. На ялавічыну ў тушах (у паўтушах і чвэртках), свініну ў тушах (у тушах і паўтушах), буйныя кускі мясна-косткавага паўфабрыкату ў выглядзе кавалкаў свініны – да 20 %”, – гаворыцца ў дакуменце.
Нагадаем, адпускныя кошты на хлеб і малочную прадукцыю павялічваліся на 5 % на пачатку верасня, на мяса – на 10 % у канцы жніўня.
Паводле інфармацыі Белстату, спажывецкія кошты на тавары і платныя паслугі ад пачатку верасня выраслі на 6,4 %. За студзень–жнівень гэтага года спажывецкія кошты павялічыліся на 53,6 %.
belsat.eu