Карбалевіч: У цяжкі час Беларусь засталася без хаўруснікаў


Праблемы з пошукамі крэдытнай дапамогі ў складаны эканамічны час палітолаг Валер Карбалевіч наўпрост звязвае з замежнаю палітыкаю, што праводзіў Лукашэнка 17 гадоў свайго кіравання. “Краіна засталася без падтрымання. Калі, напрыклад, Грэцыі дае Еўрапейскі Звяз грошы, то Беларусі не даюць грошай нават найбліжэйшыя хаўруснікі. Расея праз Антыкрызісны фонд выдае 3 млрд на тры гады – дый тое з пэўнымі ўмовамі. Гэтага мала. Гэта – каб не памерці”, – падкрэсліў эксперт.

“Улады сёння дзеюць паводле прынцыпу “толькі б ноч прастаяць”, пра нейкую стратэгію ўвогуле гаворкі не вядзецца”, – дадаў палітолаг.

Паводле Карбалевіча, у сённяшняй сітуацыі афіцыйны Менск мае няшмат магчымасцяў для манеўраў – размяшчэнне еўрабондаў з улікам стану эканомікі ды крэдытнага рэйтынгу Беларусі стала нявыгадным, на прыватызацыю галоўных дзяржаўных прадпрыемстваў Менск ідзе неахвотна. “Самы аптымальны варыянт – атрымаць крэдыт у МВФ, але дзеля гэтага трэба вызваліць усіх палітзняволеных, распачаць дыялог з Захадам, трэба пачаць рабіць, ці хаця б паабяцаць, пэўныя эканамічныя рэформы і лібералізацыю”, – падкрэслівае Валер Карбалевіч.

Атрыманне льготнага крэдыту ад Кітаю на $ 1 млрд, на думку эксперта, таксама не дапаможа змяніць сітуацыю, бо падобныя крэдыты, на думку Валера Карбалевіча, больш выгадныя Кітаю, чымся Беларусі. Фактычна афіцыйны Менск пазычае ў Кітаю грошы, каб аплаціць імі матэрыялы кітайскай вытворчасці ды працу кітайскіх працаўнікоў. “Улады Беларусі хочуць, каб быў крэдыт, якім зможа распараджацца ўрад, які можна пералічыць на рахунак Нацбанку і коштам якога можна папоўніць золата-валютныя рэзервы. Але такіх крэдытаў Кітай не дае”, – падкрэсліў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў