Валер Карбалевіч: права караць смерцю і мілаваць для Лукашэнкі – важнейшы элемент улады


Пра гэта палітолаг распавядае ў сваёй новай кнізе, якую выдалі ў Расеі.

 

Кнігу вядомага беларускага палітолага Валера Карбалевіча “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт” выпусціла выдавецтва “Партызан”. Гэта даследванне гісторыі знаходжання ля ўлады кіраўніка Беларусі і яго палітыка-псіхалагічны вобраз.

 

У інтэрв’ю “Белсату” Валер Карбалевіч сказаў, што прысвяціў сваё даследванне Лукашэнку, паколькі лічыць сітуацыю, у якой праз яго апынулася Беларусь, выключнай: “Ён знаходзіцца ва ўладзе ўжо 16 год. І гэта ў цэнтры Еўропы, на мяжы стагоддзяў. Прычым Беларусь знаходзіцца на пераломным этапе посткамуністычнай трансфармацыі, які апрыёры з’яўляецца крызісным, канфліктным. Гэты досвед унікальны, і падобны феномен трэба патлумачыць. Часта мы зважаем толькі на вонкавыя праявы дзейнасці Лукашэнкі і таму не разумеем, чаму ўсё гэта расцягнулася на 16 гадоў”.

 

Галоўнае пытанне кнігі – як у беларускага прэзідэнта атрымаваецца столькі год заставацца кіраўніком краіны? “Асаблівасць палітычнага рэжыму Беларусі ў тым, што гэта рэжым асабістай улады. Па ўяўленнях Лукашэнкі, яго ўлада павінна быць абсалютнай, непадзельнай, бескантрольнай, інакш гэта і не ўлада. У палітычнай сістэме не павінна быць ніякіх аўтаномных, непадкантрольных яму рэчаў. Адгэтуль адміністрацыйнае кіраванне эканомікай”.

 

Гэтым жа Валер Карбалевіч тлумачыць і тое, што Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. Ён мяркуе, што права караць, аж да пазбаўлення чалавека жыцця, ці мілаваць – у гэтым для Лукашэнкі і заключаецца адзін з найважных элементаў улады.

 

Кнігу Валера Карбалевіча айчынныя выдавецтвы друкаваць адмовіліся праз тое, што яна ўтрымлівае крытыку на адрас прэзідэнта. Цікава, што летам расейскі гісторык Рой Мядзведзеў скончыў сваю кнігу “Аляксандр Лукашэнка: феномен беларускай мадэлі”, дзе час ягонага прэзідэнцтва ў Беларусі акрэсліў пазітыўна. Паводле аўтара, з-за гэтага кнігу адмовіліся друкаваць расейскія выдавецтвы, таму яна выйдзе ў Беларусі.

 

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары