Амбасадар Польшчы склікаў прэс-канферэнцыю, каб абвергнуць БТ


Правы беларускай нацменшасці ў Польшчы не ўшчамляюцца, заявіў польскі амбасадар Лешэк Шэрэпка. Ён растлумачыў, што прэс-канферэнцыю 19 верасня ў Менску склікалі з-за сюжэту, які паказалі 18 верасня ў праграме «У цэнтры ўвагі» па Першым канале Беларускага тэлебачання.

У сюжэце закранулі тэму беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і лёсу беларускага культурнага цэнтру, які плануецца перанесці з Беластоку ў Варшаву.

«Звычайна мы не спрабуем каментаваць сюжэты БТ, але тое, што было ўчора, выйшла за рамкі прыстойнасці, бо была закранутая тэма нацыянальнай меншасці, а гэта вельмі далікатная тэма, і тут трэба быць вельмі карэктным», – заявіў амбасадар.

Шэрэпка адзначыў, што польскі бок не будзе дамагацца абвяржэння ўчорашняга сюжэту. «У нас ужо маецца негатыўны досвед у такіх справах, таму для данясення сваёй пазіцыі мы вырашылі правесці гэтую прэс-канферэнцыю, а не спрабаваць дамагчыся абвяржэння», – заявіў амбасадар.

«Магу сказаць, што мы робім значна больш», – падкрэсліў Лешэк Шэрэпка, параўноўваючы падтрыманне беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і польскай у Беларусі.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Польшча правялі шэраг кансультацыяў адносна статусу і далейшага лёсу Польскага інстытуту ў Менску і беларускага культурнага цэнтру ў Польшчы. Паводле дыпламата, ужо распрацаваны праект пагаднення ў гэтым пытанні, і яно, як спадзяецца амбасадар, можа быць падпісанае да канца года.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары