Беларуская дзяржаўная мадэль запазычаная з кітайскай


Прынамсі так заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Сталага камітэту Агульнакітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банго.

„Многае з таго, што вы робіце ў тым ліку многае з вашай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, мы выкарысталі ў Беларусі. Мы і надалей будзем развіваць мадэль сацыяльнай дзяржавы – тую, што калісці мы пазычылі ў вас. І я ўпэўнены, што гэта і надалей будзе прыносіць пазітыўныя вынікі”. – заявіў кіраўнік Беларусі.

Сярод будучых пазітыўных вынікаў кітайскага крэдыту памерам у 1 млрд долараў, Лукашэнка адзначыў запуск першага беларускага спадорожніка і стварэнне Кітайска-беларускага індустрыальнага парку. Паводле прэзідэнта Беларусі гэтыя праэкты могуць стаць візітоўкай Кітаю ў Еўропе.

„Беларусь з’яўляецца вельмі перспектыўным і надзейным сябрам Кітаю ў цэнтры Еўропы, – пераконваў гасцей Лукашэнка. – Мы заўсёды адкрыта заяўляем і падкрэсліваем, што мы ганарымся такімі блізкімі і сціслымі адносінамі з нашымі кітайскімі сябрамі. Мы цешымся усім вашым поспехам, пачынаючы ад спорту і сканчваючы гігантычнымі крокамі ў эканоміцы. Я вельмі ўдзячны за каласальную падтрымку ў гэты непросты час для нашай краіны. Мы людзі абавязальніцкія, мы ніколі не застанемся ў даўгу перад вашай дзяржавай і вы можаце быць упэўненыя, што маеце тут самых надзейных сяброў”. – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу У Банга заявіў, што „кітайскі бок глыбока задаволены сённешнім станам кітайска-беларускіх адносінаў. Мы падцверджваем, што цвёрда падтрымліваем абраны вашай краінай шлях развіцця, а таксама правадзімую Беларуссю унутраную і знешнюю палітыку”.

belsat.eu

Стужка навінаў