Завод «IKEA» з’явіцца ў Беларусі


Шведскія бізнесоўцы дасягнулі пагаднення з уладамі нашай краіны.

З наступнага года ў Свіслацкім раёне, на Гарадзеншчыне, пачнецца будаўніцтва дрэваапрацоўчага заводу «IKEA». Паводле старшыні мясцовага райвыканкаму Алега Таргонскага, месяц таму ўлады падпісалі пагадненне са шведскаю кампаніяй. «На першым этапе будзе запушчаная лесапілка, затым – цэх перапрацоўкі драўніны і вытворчасці мэблі. Гэта ўжо вырашанае пытанне, дакладнае месца пляцоўкі будзе абвешчанае ў бліжэйшыя дні», – заявіў чыноўнік.

Нагадаем, што дагэтуль прадстаўнікі замежнай кампаніі некалькі разоў спрабавалі наладзіць дыялог з уладамі Беларусі. На пачатку года было нават дасягнутае пагадненне пра будаўніцтва прадпрыемства ў Магілёве, але далей за размовы справа пакуль не пайшла.

Незалежныя эксперты кажуць, што такім чынам улады Беларусі спрабуюць абараніць айчынных вытворцаў. «Кампанія «IKEA» вядомая на ўвесь свет сваім агрэсіўным маркетынгам. І вядома шмат прыкладаў, калі за непрацяглы час прадукцыя шведскай кампаніі пераўзыходзіла айчынных вытворцаў. А паколькі беларускія чыноўнікі актыўна прапагандуюць імпартазамяшчэнне, яны ўлічвалі гэтыя фактары», – каментуе сітуацыю інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін.

Прадстаўнікі кампаніі сярод асноўных абмежавальных фактараў для прыходу на беларускі рынак называюць высокія мыты на мэблю. З наступнага года яны спадзяюцца ўдала наладзіць унутры краіны і вытворчасць, і продаж сваёй прадукцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў