Будаўнікі актыўна з’язджаюць з Беларусі


У Расеі заробкі ў чатыры разы вышэйшыя.

Працоўная эміграцыя найбольш адчуваецца ў рэгіёнах. З гэтай прычыны ў Кобрыне замарозілі будаўніцтва некалькіх дамоў, а ў Віцебску – цэлага раёну. Сумная інфармацыя таксама даходзіць з Браслава. Як вядома, горад блізка да Латвіі, таму шмат якія мясцовыя жыхары шукаюць лепшага жыцця за мяжою. Напрыклад, з будаўнічай арганізацыі ПМК-42 сёлета звольніліся ажно 120 працаўнікоў.

Дырэктар Андрэй Давыдзенка кажа, што людзі ўцякаюць з арганізацыі, бо рэзка знізіліся рэальныя даходы. “Частка будаўнікоў з’язджае на заробкі ў Расею або Латвію, іншыя будуюць прыватныя катэджы на Браслаўшчыне. Найгорш тое, што ад нас сыходзяць найбольш дасведчаныя і кваліфікаваныя кадры”, – падкрэсліў Давыдзенка. Паводле яго, сітуацыя можа змяніцца толькі тады, калі ў Беларусі будуць годныя заробкі.

Кіраўніцтва ПМК-42 спрабавала павышаць выплаты працаўнікам. І сёлета на гэта было выдаткавана нават 211 млн руб., але гэтага не хапіла, каб выправіць сітуацыю. Больш за тое, прадпрыемства яшчэ і залезла ў даўгі.

Пакуль жа на будаўніцтве ў Расеі беларусы атрымліваюць у чатыры разы больш. Як вядома, цяпер актыўна будуецца алімпійскі горад у Сочы. Беларускія будаўнікі выправіліся туды цэлымі брыгадамі. “З Горадні нас паехала пятнаццаць чалавек, але і дагэтуль было ўжо некалькі рэйсаў з нашымі працаўнікамі. Умовы для працы не горшыя, чым у Беларусі, але пры гэтым мы атрымліваем у чатыры-пяць разоў больш, дый яшчэ валютаю”, – распавёў Аляксандр Семяновіч, які два месяцы таму з’ехаў на працу ў Расею.

belsat.eu

Стужка навінаў