Віктар Івашкевіч: Трэба браць лёс у свае рукі


“Цяпер галоўная задача: раздаць людзям інфармацыю пра тое, куды прыходзіць. Мы, сябры аргкамітэту “Народнага сходу”, самі выйшлі на вуліцы гораду з газетаю “Народная Воля”, дзе змешчаны артыкул пра “Народны сход”, каб раздаваць людзям і каб паказаць, што гэта дазволена, што гэта не страшна”, – кажа Віктар Івашкевіч, адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу Андрэя Саннікава, чалец аргкамітэту “Народнага сходу”.

Менскі аргкамітэт “Народнага сходу” вызначыў, што менскі сход адбудзецца 8 кастрычніка, у парку Дружбы народаў (плошча Бангалор) а 13.00. На сходзе будуць прынятыя патрабаванні да ўлады, абраныя прадстаўнікі, якія перададуць дакументы, прызначаць дзень, месца і час наступнага сходу, на якім людзі абмяркуюць рэакцыю ўладаў і прымуць рашэнні пра дзеянні, якія маюць прымусіць улады выканаць патрабаванні народу.

“Месца ўжо вызначанае, подпісы, у прынцыпе, сабраныя, каб гэта было юрыдычна законна. Людзі вельмі ахвотна бяруць газету з інфармацыяй пра сход, некаторыя, пабачыўшы, вяртаюцца – просяць яшчэ адну для сваіх знаёмцаў. Некаторыя кажуць: не трэба, я сам выпісваю, дайце таму, хто не чытае. Усе хочуць чуць альтэрнатыўную інфармацыю”, – заўважае палітык.

Паводле спадара Івашкевіча, людзі яшчэ слаба паінфармаваныя. На сённяшні дзень інфармацыйнай прадукцыі хапае, аргкамітэт вырашыў гэтае пытанне – і засталося толькі раздаць газету. Неабходнае цяпер – гэта рукі валанцёраў, якія распаўсюдзяць інфармацыю пра сход.

“Людзі рэагуюць станоўча. Шмат хто баіцца, але падтрымлівае. Некаторыя кажуць, што прыйдуць. Цяпер пажадана, каб народная ініцыятыва пашыралася, каб прыхільнікі дэмакратычных зменаў не сядзелі ды не чакалі, што хтосьці зробіць нешта, а самі далучыліся. Узяць сотню газетаў, раздаць за хвіліну, ці ўзяць 500 улётак раскідаць – гэта не такая вялікая праца. Калі людзі масава далучацца, гэтая інфармацыя вельмі хутка разыдзецца. Да 8 кастрычніка мы яшчэ маем час, але ўжо час ідзе на дні, а не на месяцы”, – кажа Віктар Івашкевіч.

“Трэба зрабіць першы крок. Бессэнсоўна гадаць, колькі людзей прыйдзе на сход. Кожны, хто ўсведамляе неабходнасць зменаў, мусіць зрабіць усё, каб людзей паінфармаваць. Мы даем магчымасць прыйсці: юрыдычную, інфармацыйную, арганізацыйную. Трэба пачынаць, трэба браць лёс у свае рукі”, – зазначае чалец аргкамітэту.

belsat.eu

Стужка навінаў