«Народны сход»: Ці выкажа народ сваё «фе»?


Многія менчукі пазітыўна ацэньваюць ідэю правядзення “Народнага сходу”. Аднак выказваюць сумневы ў тым, што яго сапраўды ўдасца зладзіць і што ўлады прыслухаюцца да галасоў яго ўдзельнікаў.

“Мне здаецца, што ён праваліцца, бо не праводзіцца ніякай арганізацыйнай працы, як усё правальвала нашая доблесная апазіцыя, – падзяліўся сваім меркаваннем з журналістамі “Белсату” адзін з жыхароў Менску. – Але з народам трэба раіцца ўвесь час, сёння нашая ўлада з народам не раіцца: што сказаў адзін чалавек у краіне – тое і робіцца, і ўсе баяцца”.

Арганізатары плануюць правесці “Народны сход” 8 кастрычніка а 13-й гадзіне больш як у 25 гарадах Беларусі. У Менску сход мае адбыцца ў парку Дружбы народаў недалёка ад плошчы Бангалор. На “Народным сходзе” плануецца абмеркаваць складаны эканамічны стан у краіне і выпрацаваць прапановы і патрабаванні да ўладаў.

“Я стаўлюся да гэтай ідэі станоўча і пайшоў бы, але я лічу, што ў нас як была дыктатура, так і застанецца”, – гаворыць іншы менчук. “Трэба сабрацца, абмеркаваць і ўсё ж выказаць сваё “фе”! Улады мусяць ведаць, што народ з чымсьці згодны, а з чымсьці – не”, – дадаў іншы рэспандэнт.

Тым часам некаторыя з удзельнікаў апытання падкрэсліваюць, што ініцыятыва апазіцыі для іх не цікавая. “Я такія сходы не наведваю, мне гэта не патрэбна”, – заявіла адна з апытаных.

belsat.eu

Стужка навінаў