“Тузін гітоў” запускае новы партал і марыць пра ўласнае радыё


А вось найлепшых выканаўцаў сезону ўзнагародзілі ў рэжыме оф-лайн.

16 верасня стартаваў першы тур хіт-параду новага музычнага сезону партала “Тузін гітоў”, а ў клубе “Графіці” прайшла канцэрт-цырымонія па выніках музычнага сезону–2011.

Узнагароджанне найлепшых выканаўцаў сезону на “Тузіне гітоў” у рэжыме оф-лайн адбываецца ўпершыню за васьмігадовую гісторыю парталу. Паводле ўдзельнікаў праекту, да гэтай ідэі падштурхнула серыя паспяховых канцэртаў “Жывы Тузін (Unplugged)”, якія штомесяц праводзяцца ў клубе “Графіці”.

Удзел у цырымоніі ўзялі ўсе 12 выканаўцаў (ці іхныя прадстаўнікі), песні якіх трапілі ў тузін найлепшых па выніках “Мегатуру”.

“Музычны сезон–2012 на “Тузіне” пачаўся стартам першага туру хіт-параду, суперцікавымі песнямі ды прэм’ерамі: “Воплі Відоплясова”, Алег Джагер, новыя песні “Крамы”, Вайцюшкевіча, “Накі” ды шмат іншага. Цягам першага туру мы падлучым новую версію парталу”, – расказвае Вецер Механічны, дызайнер, выдавец “Тузіна гітоў”.

Сёлетні “Прэм’ер-Тузін” – ужо шосты дыск-справаздачнік, што збірае найлепшыя песні кожнага сезону. Традыцыйна на ім акрамя 12 трэкаў у CD-якасці месціцца і MP3-частка, куды ўвайшло яшчэ 30 песень, адабраных экспертамі ды наведнікамі парталу. Адметнасць сёлетняга дыска ў тым, што ён цалкам выраблены на тэрыторыі Беларусі.

Стваральнікі “Тузіна гітоў” абяцаюць, што хутка партал пяройдзе на новую версію: дызайн, інтэрактыўныя магчымасці, рубрыкі ды матэрыялы. Наведнікаў чакаюць як на старым адрасе music.fromby.net, гэтак і на новым tuzin.fm.

Апроч таго, “Тузін гітоў” вядзе актыўную працу над іншымі праектамі. Асноўны з іх – “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”, які рэалізоўваецца супольна з грамадскаю кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і ў межах якога вядомыя замежныя музыкі спяваюць свае песні па-беларуску. Шэсць кампазіцыяў з гэтага праекту ўжо былі прэзентаваныя. Наперадзе – яшчэ шэсць песняў, імёны выканаўцаў якіх пакуль трымаюцца ў таямніцы. Але рэдакцыя парталу анансуе, што ў наступны панядзелак наведнікі “Тузіна” пазнаёмяцца з беларускамоўнай творчасцю пераможцы “Еўрабачання-2009” Аляксандра Рыбака.

belsat.eu

Стужка навінаў