Як гэта было. Крушэнне самалёту ў ЗША: трое загінулых


Як мінімум тры чалавекі загінулі ды больш за 50 былі параненыя ў выніку падзення самалёта ля гораду Рэно, штат Невада, ЗША.

Легендарны знішчальнік “Р-51 Мустанг” часоў Другой сусветнай вайны зваліўся а 16:30 мясцовага часу падчас удзелу ў найбуйнейшых міжнародных авіягонках, калі самалёты спаборнічаюць на хуткасць, пралятаючы невысока над зямлёю.

Сведкі трагедыі кажуць, што лятак амаль вертыкальна ўрэзаўся ў зямлю. Паводле звестак “Бі-Бі-Сі”, 25 параненых застаюцца ў крытычным стане.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі арганізатар шоу Майк Гаўтан, мяркуецца, што пілот аднамясцовага самалёта не даў рады з кіраваннем, і лятак упаў на гледачоў.

За стырном “Мустанга” знаходзіўся дасведчаны пілот Джымі Ліўард. У выніку катастрофы прафесійны лётчык, пілот-ас загінуў. На сайце Ліўарда гаворыцца пра тое, што ён браў удзел больш як у 120 авіяшоу і выконваў фігуры найвышэйшага пілатажу.

belsat.eu

Стужка навінаў