Дзяржаўныя банкі даюць крэдыты пад 75%


Стаўка рэфінансавання, якая сягнула 30 % гадавых, чарговы раз узняла стаўкі па крэдытах і дэпазітах. Узяць грошы пад 75 % гадавых – гэта не махлярства, а легальная прапанова ад дзяржаўнага “Белінвестбанку”.

“Стаўка рэфінансавання вызначаецца, зыходзячы з узроўню інфляцыі. Цяпер яна расце, таму расце і стаўка рэфінансавання, – тлумачыць старшыня Нацбанку Надзея Ермакова. – Робіцца гэта паступова, бо памер чарговага павышэння вызначаецца не толькі з мэтай абароны ўнёскаў ад абясцэньвання, але і з улікам інтарэсаў крэдытаатрымальнікаў”.

Паколькі інфляцыя падышла да 65 %, банкаўскія адсоткі будуць расці. Тым часам пакласці беларускія рублі на дэпазіт можна ўжо пад 46%. Такую прапанову робіць “Белросбанк”. Буйныя дзяржаўныя банкі падыходзяць да пытання больш стрымана. Яны карыстаюцца формулаю “стаўка рэфінансавання +8–9 %”.

А вось на валюце зарабіць столькі не атрымаецца. Прыбытковасць на такіх дэпазітах вось ужо некалькі месяцаў не перавышае 10–11 %. У аддзяленні экспрэс-крэдытавання “Дэльта-банку”, які знаходзіцца ў краме “Карона-Тэхна”, кажуць, што беларусы ў крызіс не сталі браць менш крэдытаў. “Нашыя кліенты звычайна афармляюць кароткатэрміновыя крэдыты, на 3–6 месяцаў. Шмат хто не ведае, куды падзець беларускія рублі, але ім не хапае невялікай сумы на тэлевізар ці пральную машыну. У любым выпадку, гэта атрымліваецца выгадным укладаннем, бо тэхніка хутка даражэе”.

belsat.eu

Стужка навінаў