Аліна Коўшык стала мамаю і вярнулася ў эфір


Пасля перапынку на тэлеканал “Белсат” вярнуўся знаёмы голас і твар. Аліна Коўшык зноў вядзе перадачы “ПраСвет” і “Аб’ектыў”. Перапынак быў выкліканы прыемнаю падзеяй – папаўненнем у сям’і.

– У нас з мужам нарадзіўся сын. Назвалі яго Мікалай Караль. Гэта нашае першае і вельмі чаканае дзіця. Цяпер сыну ўжо дзесяць месяцаў. І з пачуццем выкананага абавязку можна вяртацца да працы, – кажа тэлевядоўца. – І хоць гадаваць дзіця – справа прыемная, але, калі шчыра, ужо даўно хацелася на працу. Не хапала адрэналіну, з якім звязаныя наўпроставыя трансляцыі. Разам з тым, інтэнсіўную журналісцкую актыўнасць не так проста сумяшчаць з мацярынствам. Але, як паказваюць апошнія два тыдні, гэта магчыма. Галоўнае – добрая арганізацыя і планаванне.

– На экране, як і раней, выглядаеце файна…

– На маю думку, мацярынства моцна змяняе жанчыну да лепшага. Пра паўнавартасны адпачынак з маленькім дзіцем казаць цяжка: ночы нявыспаныя, і ўдзень шмат працы, асабліва калі ўсе бабулі далёка. Аднак адчуваеш неверагодны прыліў сілаў і энергіі, каб усё паспяваць і пры гэтым усміхацца. Улетку былі ў бабулі ў Горадні: свежае паветра, цудоўны смак памідораў і малінаў на сняданак. А Міколка ўпершыню стаў на ногі!

– Ці памянялі такія змены ў жыцці вас як журналістку?

– Калі раней на першым месцы была праца, то цяпер – вядома, сын. Але не магу сказаць, што я змянілася як журналіст і вядоўца. Працу заўсёды трэба выконваць як мага лепш, не спыняцца ва ўдасканальванні ды брацца за амбітныя праекты – такія, якім для мяне быў і ёсць “ПраСвет”.

– Вы скончылі ў роднай Горадні гістфак, потым вучыліся на магістарскай праграме Варшаўскага ўніверсітэту (паліталогія і гісторыя, кірунак – Усходняя Еўропа), былі дактаранткаю польскай Акадэміі навук. Што цяпер у навуковым плане?

– Пры інтэнсіўнай працы і нараджэнні сына, на жаль, час на навуковую дзейнасць знайсці цяжка. Таму жартую, што сын – гэта мой дактарат. Можа, у будучыні яшчэ будзе час скончыць гэтую справу.

– Што будзе па-новаму ў “ПраСвеце” са старою новаю вядучаю?

– Для мяне гэта амаль новы “ПраСвет” – 25-хвілінны фармат, новая студыя, павялічаная структура праграмы. Раней яго вёў Зміцер Гурневіч. Цяпер мы будзем рабіць гэта папераменна. Буду старацца прыўнесці свежую энергію і, магчыма, крышачку жаночага погляду на тое, што адбываецца ў свеце. Дарэчы, з перспектывы мацярынства цікавасць выклікаюць і іншыя тэмы, не толькі палітычныя ці культурныя.

– Якая розніца ў вядзенні “Аб’ектыву” і “ПраСвету”?

– У “ПраСвеце” я суаўтар і вядоўца, разам з выдаўцом Сяргеем Пялесам абіраем тэмы, абмяркоўваем з журналістамі, запрашаем гасцей. А потым з гэтых пазлаў складаем праграму. “Аб’ектыў” – гэта інфармацыйны дзённік. У такой праграме вядоўца папросту перадае навіны, карціну дня – тое, на што працуе ўся каманда. Роля вядоўцы ў тым, каб падаць гэта аб’ектыўна, прафесійна і цікава.

На “Белсат” я прыйшла звычайна: выслала рэзюмэ, і мяне запрасілі на кастынг. Цікава, што з гэтых першых кастынгаў у “Аб’ектыве” засталася толькі я. Таму адчуваю эмацыйную сувязь з гэтаю праграмаю: такая своеасаблівая тэлевізійная альма-матэр.

– Дарэчы, як рыхтуецеся да праграмы? Фрызуры, макіяж, адзенне… Хто гэтым займаецца? Якая доля тут вашага выбару, а не візажыстаў-стылістаў?

– Працуючы ў навінах, не маеш часу думаць пра тое, што сёння надзенеш, тым больш хадзіць і шукаць нейкія рэчы ў крамах. Таму нашым выглядам займаюцца прафесіяналы. Ужо некалькі гадоў працуем са стылісткаю Ганнаю Гжыбоўскаю. Яна дасканала ведае мой густ і стараецца так падбіраць адзенне, каб гэта падкрэсліць. Лічу, што на экране трэба выглядаць натуральна.

“ПраСвет” з Алінаю Коўшык у эфіры 16 верасня (пятніца) а 21:25, пасля галоўнага выдання “Аб’ектыву”. Паўторы 17 верасня (субота) а 11:20 і а 16:45, 18 верасня (нядзеля) а 10:35 і 19 верасня (панядзелак) а 14:20.

Галоўнае выданне “Аб’ектыву” журналістка вядзе па аўторках і серадах а 21:00. Паўтор у канцы дня пасля 23-й і раніцай наступнага дня а 07:00.

Праграмы можна праглядаць ці спампоўваць на сайце “Белсату”.

Стужка навінаў