Рассакрэцілі частку бюджэту "Дажынак", якую не афішыравалі


На рэканструкцыю Маладзечна да свята выдалі каля 248 млрд руб. Крыніца з Менскага аблвыканкаму прэзентавала “Белсату” каштарыс рамонтных працаў да рэспубліканскага свята.

Найбольш грошай пойдзе на будаўніцтва спартова-забаўляльнага комплексу – 145 млрд руб. Стварэнне лядовых палацаў ужо стала традыцыяй для гарадоў, дзе праходзяць “Дажынкі”. За апошнія гады такія аб’екты паўсталі ў Пружанах, Лідзе і Кобрыне. Спартовы комплекс у Маладзечне будзе мець басейн з элементамі аквапарку. У комплекс палацу ўваходзіць шматфункцыянальная спартовая зала на 300 глядацкіх месцаў – яна прыдатная для валейболу, міні-футболу і баскетболу. Асноўная частка лядовай арэны можа прыняць 2800 гледачоў.

Другі магутны аб’ект – амфітэатр коштам 21 млрд руб. Першыя канцэрты тут прайшлі ў канцы жніўня на нацыянальным фестывалі песні ды паэзіі “Маладзечна”.

Каля 32 млрд руб. пайшло на капітальны рамонт жыллёвага фонду, яшчэ 34 млрд руб. – на добраўпарадкаванне гораду, а 64 млрд руб. – на аднаўленне аб’ектаў сацыяльнай сферы. Значныя ўкладанні пайшлі на рэканструкцыю гандлёвых установаў – каля 6 млрд руб. Да “Дажынак” таксама маюць аднавіць гарадскі парк – 27 млрд руб., школу мастацтваў – 150 млн руб. і кінатэатр “Радзіма” – 2 млрд руб.

Са словаў мэра гораду Юрыя Байтаза, большасць камплектных дэталяў для рамонту закупілі да змянення курсавой розніцы. “Тыя сумы, якія былі асвоеныя ў Маладзечне на пачатку лета, у Кобрыне і Лідзе асвойваліся прыкладна ў верасні. Так што мы ідзем добрымі тэмпамі. Вядома, у сувязі з эканамічнымі праблемамі карэктаванне фінансавання адбудзецца, але невялікае. Мяркую, што ва ўсіх крыніцах фінансавання мы асвоім 550–600 млрд руб.”.

Мясцовыя жыхары кажуць, што рамонтныя працы працягваюцца дагэтуль, хоць свята запланаванае праз два тыдні. “За апошнія месяцы ўвесь горад паднялі з ног на галаву. Мясцовыя ўлады супакойваюць, што гэта часовыя перашкоды. І мы гатовыя былі б гэта трываць, калі б праца рабілася якасна. А то “Дажынкі” яшчэ не распачаліся, а на некаторых будынках ужо перафарбоўваюць фасады”, – распавяла жыхарка Маладзечна Юлія Рудніцкая.

belsat.eu

Стужка навінаў