Атрошчанкаў: Мы не адчуваем эйфарыі


Калі ў краіне цалкам знішчанае правасуддзе, а ўлада як тэрарыст гандлюе закладнікамі, словы пра дыялог гучаць цынічна, кажуць асуджаныя ў справе 19 снежня.

Палітвязні Мікіта Ліхавід, Аляксандр Атрошчанкаў і Павел Вінаградаў далі першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю. “Мы не адчуваем эйфарыі з нагоды вызвалення, бо ў краіне цалкам знішчаная законнасць, па надуманых абвінавачваннях за кратамі застаюцца людзі, якія не здзейснілі аніякіх злачынстваў”, – зазначыў Аляксандр Атрошчанкаў.

Палітвязень заклікаў Еўропу не спрыяць таму, каб Беларусь стала цэнтрам гандлю рабамі, і параіў называць рэчы сваімі імёнамі: “Гэта не дыялог, а перамовы з фашыстамі”.

Былыя вязні пацвердзілі, што падчас следства ў СІЗА і потым у калоніях на іх ціснулі маральна і фізічна. Мікіта Ліхавід, што правёў 81 дзень у штрафным ізалятары Наваполацкай калоніі, апавёў, што тэмпература ў карцэры вельмі нізкая, пры гэтым вязні спяць на голых дошках без матраца і коўдры. Каб не замерзнуць канчаткова, гаворыць Мікіта Ліхавід, ён вымушаны быў некалькі разоў за ноч адціскацца ад падлогі.

Аляксандр Атрошчанкаў паведаміў пра здзекі ў СІЗА КДБ, дзе на загад кіраўніцтва яму “зладзілі Гуантанама” – не давалі спаць уначы, выстаўлялі распранутым на мароз, трымалі ў інфармацыйны вакууме. Як нагадала намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, сёння ў падобных умовах знаходзіцца Зміцер Дашкевіч, які ўжо чацвёрты дзень трымае галадоўку, патрабуючы годнага стаўлення да сябе.

За кратамі застаюцца былыя кандыдаты на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Вус і Андрэй Саннікаў, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Дзмітрый Бандарэнка, маладафронтаўцы Эдуард Лобаў і Зміцер Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, а таксама маладзёны, асуджаныя ў справе анархістаў. Былыя вязні заявілі аб намеры дамагацца вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных.

belsat.eu

Стужка навінаў