У турфірмах ды інтэрнэт-крамах курс па-ранейшаму высокі


Бізнесоўцы хочуць вярнуць выдаткі, бо куплялі долары па Br 11-12 тыс.

Пасля таго, як Нацбанк канчаткова зняў абмежаванні на фармаванне курса, у абменных пунктах ён можа змяняцца цягам дня. Так, “BelSwissBank” за дзень змяніў кошт продажу долара з 8700 руб. да 8900 руб. Няўстойлівая сітуацыя з новымі курсамі паўплывала на тое, што некаторыя банкі абмежавана выстаўляюць валюту на продаж, чакаючы падаражанняў. Такім шляхам пайшлі найбуйнейшыя дзяржаўныя фінансавыя ўстановы: “Белаграпрамбанк” і “Беларусбанк”.

Разам са змяненнем курсу ў банку змяняецца ён і ў турфірмах. Як вядома, сёлета яны атрымалі дазвол прымаць у насельніцтва плацяжы ў замежнай валюце і ўсталёўваць уласны курс умоўных адзінак. Далёка не ўсе гатовыя праводзіць разлікі за рублі. Дзяржаўныя турыстычныя кампаніі “ДорТур” і “Беларускі спадарожнік” адразу заявілі, што з беларускімі рублямі не працуюць, хоць гэта – наўпроставае парушэнне заканадаўства.

У прыватнай кампаніі “Дыліжанс” менеджар Людміла Каткова патлумачыла: “Мы ў рублях можам узяць толькі турыстычны збор – 120 тыс. руб. Астатняя сума мусіць быць у валюце, бо мы ж не рублямі разлічваемся з партнёрамі ў Чэхіі, Літве і Польшчы”. Калі казаць пра курс турфірмаў, то ён вар’юецца ад 8500 руб. да 10 000 руб. Найбуйнейшы тураператар “Tez Tour”, дарэчы, бярэ максімальна – 10 000 руб. за долар.

Паводле інфармацыі рэсурсу “InfoBank”, раўнаважны курс пераліку ў інтэрнэт-крамах складае 8760 руб., аднак прадаўцы тэхнікі ў інтэрнэце патрабуюць значна вышэйшы кошт. “Мы набывалі валюту па 11 000–12 000 руб., таму цяпер хочам хоць бы кампенсаваць выдаткі. Працаваць сабе ў страту мы не будзем”, – адзначыў прадстаўнік кампаніі “CompZona” Максім Раманаў.

belsat.eu

Стужка навінаў