Канавалаў – тэрарыст? – «За гэтым нешта яшчэ хаваецца»


Прынамсі гэтак мяркуюць некаторыя пацярпелыя. На пачатак слуханняў у справе аб выбуху ў менскім метро прыйшлі крыху больш за 120 пацярпелых або іхных прадстаўнікоў – але агулам у справе фігуруе больш за 500 пацярпелых. Працяг працэсу – сёння, 16 верасня.

Пацярпелы Ігар Вяргейчык прызнаўся, што ішоў паглядзець на абвінавачаных. Ад суда чакае справядлівасці, азнаёміцца з матэрыяламі справы не змог з прычыны здароўя. Падчас выбуху ён быў у другім вагоне, недалёка ад эпіцэнтру. “Кантузія, вушы разарваныя, баратраўма, толькі нядаўна закончыліся ўсе бальнічныя”, – растлумачыў Ігар Вяргейчык.

Студэнт Аляксандр Александрыя яшчэ не ачуняў ад траўмы, атрыманай у выніку выбуху. Прызнаўся, што наведваць усіх паседжанняў не зможа, але на першае прыйшоў. У перапынку дзяліўся ўражаннямі: “Рэакцыя Канавалава і рэакцыя Кавалёва – яўна відаць, што над імі добра папрацавалі ды пачысцілі ім мазгі. Яны проста падрыхтаваныя да гэтага працэсу”, – сказаў Аляксандр Александрыя. Што да стаўлення да зачытанага абвінавачання, Аляксандр заявіў: “Я не буду казаць, што не веру. Я веру, што за гэтым ёсць нешта яшчэ, яшчэ нехта хаваецца”.

Гэтага ж гледзішча прытрымліваецца і маці Аляксандра Таццяна. “У стане алкагольнага ап’янення наўрад ці можна перамешваць выбухованебяспечныя рэчывы, на гэта трэба яшчэ мець рэспіратар і вельмі акуратную руку”, – сказала Таццяна.

На пачатак слуханняў у справе аб выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 г. прыйшлі крыху больш за 120 пацярпелых або іхных прадстаўнікоў – пры тым, што агулам у справе фігуруе больш як 500 пацярпелых. Адкрытае судовае паседжанне праходзіць 15 верасня ў актавай зале менскага Дома правасуддзя.

belsat.eu

Стужка навінаў