Памылка пракурора: Выбух адбыўся 11 жніўня


https://youtu.be/NMiAoYU2WEs
На судовым працэсе ў справе тэракту ў менскім метро шмат блытаніны, кажа праваабаронца Алег Волчак, які выйшаў з залы суда. Слуханні распачаліся 15 верасня ў сталічным Доме правасуддзя.

Праваабаронцу здзівіў зварот першага намесніка старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Аляксандра Федарцова да ўсіх прысутных на працэсе: устрымацца ад публічных каментароў пра ход справы. Шматлікія пацярпелыя, дарэчы, прыслухаліся да гэтай рэкамендацыі. Сярод іх – маці загінулага ў тэракце 22-гадовага Сяргея. На пытанне, ці верыць яна, што злачынства здзейснілі менавіта Канавалаў і Кавалёў, сказала: “Я адмаўляюся гэта каментаваць”.

Волчак распавёў, што пацярпелыя скардзіліся на тое, што не паспелі пазнаёміцца з матэрыяламі справы. Адзін з іх выступіў з хадайніцтвам – адкласці пачатак слуханняў. Хадайніцтва адхілілі. “Матывацыя была такая, што тры дні дастаткова. Я працаваў следчым пракуратуры, 50 тамоў у мяне была справа, і людзі знаёміліся месяц, а тут 500 тамоў – і тры дні”, – заўважыў праваабаронца.

Шэраг пытанняў узнік у праваабаронцы і пасля выступу дзяржаўнага абвінаваўцы – намесніка генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука. “З выступу Стука я зразумеў адно – за дзесяць гадоў у Беларусі не працавалі ні КДБ, ні МУС, ні пракуратура. Людзі са школьнаю адукацыяй, сярэдняю спецыяльнаю арганізоўвалі выбухі, куплялі тратыл, і ніхто не вызначыў – дзе, у якіх месцах. Атрымліваецца, што на лаве падсудных два чалавекі, а дзе астатнія, дзе ўсе людзі, якія ім дапамагалі?”

Цікавы момант: калі пракурор зачытваў абвінавачанне, ён памылкова назваў днём тэракту 11 жніўня, а не 11 красавіка – і нават не звярнуў на гэта ўвагі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары