Канавалаў прызнаў сябе вінаватым у здзяйсненні тэрактаў


Ён узяў на сябе віну за два тэракты ў Менску – 11 красавіка 2011 г. на станцыі метро і 4 ліпеня 2008 г. на святкаванні Дня Незалежнасці.

Акрамя гэтага ён прызнаўся ў незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі і ва ўдзеле ў здзяйсненні выбухаў у Віцебску ў 2000–2002 гг.: выбух у бібліятэцы і ў пад’ездзе аднаго з жылых дамоў.

Паводле астатніх пунктаў абвінавачання Канавалаў сваю віну адмаўляе. Гаворка ідзе пра тэракты ў Віцебску 14 і 22 верасня 2005 гг., а таксама пра выбухі ды падпалы ў 2000–2004 гг.

Другі падсудны, Уладзіслаў Кавалёў не прызнае сваёй віны ў неданясенні пра рыхтаваныя Канавалавым злачынствы ў 2005 г. у Віцебску. Ён адмовіўся ад сваіх паказанняў падчас папярэдняга следства. Такім чынам, ён не прызнае сябе саўдзельнікам тэракту на станцыі метро “Кастрычніцкая”.

Таксама ён адмаўляе абвінавачанне ў хаванні дамкрату, які Канавалаў нібыта выкарыстоўваў дзеля прыгатавання выбуховых рэчываў.

Разам з гэтым, ён прызнаў, што не паведаміў пра падрыхтоўку да тэракту ў Менску 4 ліпеня і пра факт набыцця тратылу ў нейкага Куксёнка і перапродаж яго Канавалаву.

Цяпер у судзе абвешчаны перапынак. Працэс адновіцца заўтра аб 11-й гадзіне ў Доме правасуддзя.

belsat.eu

Стужка навінаў