Пракурор: Тэрарыст актывізаваўся пасля дактыласкапіі


Каб зачытаць абвінавачанне падазраванаму ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро Дзмітрыю Канавалаву, спатрэбілася 1,5 гадзіны. Сёння ў судзе разглядаецца справа аб тэракце ў менскім метро 11 красавіка.

Як паведаміў намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук, Дзмітрый Канавалаў абвінавачваецца ў чатырох актах тэрарызму, учыненых у 2005–2011 гг., а таксама ў выбухах і падпалах ў перыяд з 2002 да 2004 г. у Віцебску.

Паводле Стука, рыхтаванне да тэракту ў Менску 11 красавіка на станцыі метро “Кастрычніцкая” Канавалаў пачаў у ліпені 2010-га. Для гэтага ён вырабіў выбуховае рэчыва вагою не менш як 12,5 кг на аснове аміячнай салетры, алюмініевай пудры ды іншых кампанентаў. У якасці абалонкі выкарыстаў дзве празрыстыя ёмістасці па 6 літраў. Рыхтаванне да тэракту Канавалаў актывізаваў пасля таго, як 9 красавіка 2011 г. прайшоў дактыласкапію.

Паводле дзяржабвінаваўцы, Канавалаў звязаўся праз тэлефон з Кавалёвым, які перабываў у Менску. Апошні сустрэў яго з выбуховаю прыладаю на чыгуначным вакзале сталіцы і дапамагаў падрыхтаваць і здзейсніць тэракт.

Праз рыелтарскае агенцтва яны знялі кватэру ў доме на вул. Караля. Увечары 10 красавіка Канавалаў пабываў на станцыі метро “Кастрычніцкая” і выбраў месца для здзяйснення тэракту. Выбуховыя рэчывы, у тым ліку траціл, Канавалаў набываў у Кавалёва ды іншых асобаў.

У зале суда прысутнічае 121 пацярпелы, а таксама іхныя сваякі ды прадстаўнікі. З іх каля 10 чалавек – па падзеях у Віцебску, 17 – па выбуху 4 ліпеня 2008 г., астатнія – гэта пацярпелыя ў выніку выбуху ў метро. У суд не з’явіўся 401 пацярпелы, 234 з іх даслалі заявы з просьбаю слухаць справу без іхнага ўдзелу.

Дзеянні Канавалава дзяржабвінаваўца характарызаваў як “адкрыты дэманстратыўны выклік навакольным, усвядомленае жаданне супрацьпастаўлення сябе грамадству, жаданне атрымаць задавальненне ад злачынстваў, заснаваныя на ілжывым пачуцці ўласнай перавагі, беспакаранасці, намер дэстабілізаваць грамадскі парадак і акт застрашвання насельніцтва”.

belsat.eu

Стужка навінаў