Аляксандр Атрошчанкаў: Прашэнне аб памілаванні было б здрадаю


14 верасня вызвалілі Аляксандра Атрошчанкава, асуджаны за ўдзел у Плошчы-2010 на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Указ аб памілаванні Аляксандр Лукашэнка падпісаў, “кіруючыся прынцыпамі гуманнасці”.

На вакзале Атрошчанкава сустракалі сваякі, сябры, грамадзянскія актывісты і журналісты.

Аляксандр Атрошчанкаў быў прэс-сакратаром грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года – прэс-сакратаром штабу Андрэя Саннікава.

Вызвалены Аляксандр распавёў: “Я пайшоў на “атаварку” – набыць прадукты. І тут мне сказалі, што ў іх ужо няма маёй ведамасці ды параілі збіраць рэчы. Гэтак і атрымалася, прыкладна праз 40 хвілінаў я ўжо быў на волі. Рэчы не збіраў, узяў з сабою толькі лісты”.

“Пачынаючы з пятніцы звярталіся з просьбамі напісаць прашэнне аб памілаванні, – паведаміў Аляксандр Атрошчанкаў. – Натуральна, я сказаў адразу, што ні пры якіх умовах ніякіх прашэнняў пісаць не буду, вінаватым сябе не прызнаю, больш за тое, лічу, што такое прашэнне было б здрадаю ў дачыненні маіх таварышаў”.

“Ніякіх канфліктаў з адміністрацыяй ды іншымі зняволенымі не было. Шмат чытаў, шмат размаўляў з людзьмі, гуляў у валейбол, баскетбол”, – дадаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў