Справа аб тэракце: менчукі чакаюць праўды і справядлівасці


Ад працэсу ў справе выбуху ў метро, які пачынаецца 15 верасня ў Вярхоўным судзе Беларусі, менчукі чакаюць праўды і справядлівасці. “Каб насамрэч разабраліся, вінаватыя яны ці невінаватыя, каб да нас данеслі ўсю праўду, і, па магчымасці, з розных крыніцаў”, – зазначылі двое маладых жыхароў Менску журналістам.

Гэтага ж чакаюць і старэйшыя людзі. “У любой справе крыху сумняваешся, – прызнаецца кабета. – Я таксама сумняваюся, але хацелася б, каб праўда была, перамагла менавіта ў гэтай справе, бо пацярпелі абсалютна невінаватыя людзі”.

Усе суразмоўцы прызналіся, што з абурэннем узгадваюць падзеі 11 красавіка. “Гэта падонкі, а не людзі, нелюдзі”, – гаворыць мужчына сталага веку.

У справе выбуху ў метро праходзяць двое грамадзянаў Беларусі. Дзмітрыю Канавалаву інкрымінуецца ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі “Тэрарызм”, “Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”, “Хуліганства”, “Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці”, “Замах на злачынства”.

Улад Кавалёў абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі “Суўдзельніцтва ў злачынстве”, “Тэрарызм”, “Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”, “Хуліганства”, “Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці”, “Укрывальніцтва злачынстваў” і “Неданясенне аб злачынстве”.

Раней кіраўнік Агенцыі журналісцкіх расследаванняў Сяргей Сацук адмыслова для “Белсату” прааналізаваў, як расследуецца выбух у менскім метро. На думку журналіста, шэраг акалічнасцяў выклікае сумневы. Незвычайна хуткі арышт падазраваных – ужо праз два дні пасля тэракту афіцыйна абвесцілі, што магчымых здзяйсняльнікаў затрымалі, яны даюць паказанні. “Пасля ночы напружанай працы МУС падрыхтавала аналітычную запіску, дзе напісала пра паражальныя элементы: металічную стружку, элементы мацавання мэблі, шворны, гайкі ды цвікі. Калі ж выйшлі на след падазраваных і распачалі ператрусы, распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што ў якасці такіх элементаў была таксама рубленая арматура і шарыкі з падшыпнікаў, – зазначыў Сяргей Сацук у інтэрв’ю “Белсату”. – Адначасова гэтую арматуру знайшлі падчас ператрусу ў падазраваных, знаходзяцца і падшыпнікі. Паўстае пытанне: чаму ў аналітычных запісках шарыкі ды арматура не пазначаныя і не фігуруюць? Адкуль яны ўзяліся?”

belsat.eu

Стужка навінаў