Нацбанк задаволены хадою гандляванняў


Пра гэта паведаміў намеснік старшыні ўправы Нацбанку Тарас Надольны.

Ён зазначыў, што шмат хто з прадаўцоў абралі пазіцыю чакання, таму прапанова была невялікая: менш за 5 % ад дзённай экспартнай выручкі. Паводле прыблізных падлікаў, гэта каля 8 млн долараў. Попыт перавысіў прапанову “ў некалькі разоў”, а ў некаторых валютах – у пяць разоў.

“Курс знаходзіцца на самай верхняй мяжы (8 600) і пры росце прапановы будзе зніжацца”, – заявіў Надольны. Паводле яго, Нацбанк не праводзіў інтэрвенцыяў. “Але разам з тым, такое права ў нас ёсць для згладжвання ваганняў курсу”, – адзначыў прадстаўнік Нацбанку.

Нацыянальны банк прагназуе збліжэнне афіцыйнага курсу з рынкавым цягам паўтара-двух месяцаў, сказаў Надольны. На ягоную думку, цяпер няма вострай неабходнасці хутка збліжаць курсы на асноўнай і дадатковай сесіях. “Удзельнікі рынку мусяць адчуць тэндэнцыі, і мы будзем плаўна, паступова рухацца да збліжэння”, – заўважыў ён.

Ён таксама заявіў, што Нацбанк не мае намеру даваць нейкія рэкамендацыі ўдзельнікам гандляванняў. “У нас свабодны доступ на рынак, і калі экспарцёр вырашыць прадаваць валюту, ён можа рэалізаваць сваё права. Або, калі палічыць патрэбным, – устрымацца. Але аніякіх рэкамендацыяў што да курсу і тэндэнцыяў мы даваць не будзем”, – запэўніў Надольны.

У сваю чаргу, эканаміст Аляксандр Сінкевіч сумняваецца, што дадатковая валютная сесія была абсалютна свабодная. “Улады, несумненна, адбіралі і рэгулявалі колькасць заявак на набыццё валюты. Асноўны попыт ствараецца дзяржаўным сектарам, а пашыхтаваць дзяржпрадпрыемствы ў чаргу – для дзяржавы не праблема. Таму можна гаварыць пра ўжыванне захадаў адміністратыўнага рэгулявання”, – упэўнены эксперт.

Абмежаванасць попыту, са словаў эканаміста, паўплывала на курс беларускага рубля. “Можа, на сённяшні дзень курс у 8600 беларускіх рублёў за долар адпавядае рэчаіснасці, але няма ніякіх гарантыяў, што ў бліжэйшай перспектыве беларускі зайчык не праваліцца яшчэ ніжэй. У нас расце адмоўнае сальда вонкавага гандлю, якое як пыласос выцягвае ўсю валюту з краіны”, – тлумачыць Аляксандр Сінкевіч.

Сённяшнюю дадатковую сесію незалежны эканаміст называе “зрэжысураванай разавай акцыяй дзеля стварэння ілюзіі вольнага валютнага рынку”. Зроблена гэта дзеля таго, каб атрымаць 400 мільёнаў другога траншу крэдыту ад ЕўрАзЭС і станоўчае рашэнне на вылучэнне крэдыту МВФ. Эканаміст упэўнены, што дзяржава і надалей не выпусціць з рук адміністрацыйнага рычага, а таму існаванне шэрых схемаў набыцця і продажу валюты захаваецца.

belsat.eu

Стужка навінаў