Лукашэнка памілаваў яшчэ 11 палітвязняў


Традыцыйна, рашэнне аб памілаванні прымалі, “кіруючыся прынцыпамі гуманнасці”, аднак інфармацыі аб тым што палітвязні выпушчаныя на падставе прашэнняў аб памілаванні няма. Вызваленыя – Павал Вінаградаў, Фёдар Мірзаянаў, Аляксандр Класкоўскі, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Новік, Аляксандр Малчанаў, Аляксандр Атрошчанкаў, Дзмітрый Буланаў, Ілля Васілевіч, Алег Федаркевіч і Мікіта Ліхавід.

Актывісты руху “За Свабоду” паехалі на вакзал Наваполацку, куды, паводле іхнай інфармацыі, з калоніі прывезлі Мікіту Ліхавіда, распавяла “Белсату” ягоная маці спадарыня Алена.

***
На магілёўскам вакзале цягніка дамоў чакаюць вызваленыя палітвязні Алег Федаркевіч, Аляксандр Малчанаў і Ілля Васілевіч.

***
Паводле словаў Клаўдзіі Буланавай, ейны сын Дзмітрый Буланаў, што адбываў пакаранне за Плошчу ў Магілёўскай калоніі, выйшаў на волю.

***
Як паведаміў бацька Фёдара Мірзаянава, ягоны сын разам з Паўлам Вінаградавым ужо едзе ў Менск машынаю сябра. Прашэнняў аб памілаванні хлопцы не пісалі.

***
Сяргей Атрошчанкаў, бацька палітвязня Аляксандра Атрошчанкава, паведаміў “Белсату”, што ягоны сын таксама выйшаў на волю. “Зараз еду сустракаць Сашу, убачу яго літаральна праз некалькі хвілінаў”, – гаворыць ён.

***
Стала вядома, што з магілёўскай калоніі вызвалены Аляксандр Малчанаў. Маці яго падцвердзілі ў Магілёўскай калоніі, што сын выходзіць на волю.

***
Са шклоўскай калоніі на волю выйшлі Аляксандр Класкоўскі, Уладзімір Лобан і Дзмітрый Новік. Аляксандр Класкоўскі патэлефанаваў з цягніка сваёй жонцы Наталлі ды паспеў сказаць, што выпусцілі ўсіх, акрамя Мікалая Статкевіча. Ён таксама падкрэсліў, што аніякіх прашэнняў аб памілаванні не падпісваў.

***
Марыне Лобавай, маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава, паведамілі ў Івацэвіцкай калоніі, што ейнага сына ў спісах на вызваленне няма. “Іншага я і не чакала. Эдуарда разам з Дашкевічам пасадзілі паводле іншай справы. Да таго ж, вы ведаеце, якое стаўленне зараз да Змітра Дашкевіча. Таму, думаю, іх выпусцяць, як гаворыцца, у апошнім вагоне”, – гаворыць маці палітвязня.

***
Алена Ліхавід ужо некалькі разоў тэлефанавала ў калонію “Ваўчыныя норы” ды ў Дэпартамент выканання пакаранняў, але там даваць інфармацыю жанчыне адмаўляюцца. “Няўжо гэтак складана паведаміць прозвішчы тых, хто памілаваны? Дзевяць месяцаў яны здзекуюцца з нас, вось вырашылі “ў прынцыпах гуманнасці” яшчэ і так панерваваць”, – плача Алена Ліхавід.

***
Як стала вядома, сярод 11 памілаваных няма прозвішчаў экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва. Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Вус і Андрэй Саннікаў застануцца за кратамі да наступнага прыступу гуманізму.

***
Вольга Бандарэнка не верыць у тое, што Дзмітрый выйдзе сёння на волю. “Мяне ўсе пераконваюць у гэтым, усяляюць аптымізм, але я не веру. Недзе ў глыбіні душы надзея, канечне, ёсць, але… Чаму тады яны не вызвалілі яго пасля адбыцця траціны тэрміну пакарання?” Жанчына гаворыць, што заўтра разам з адвакатам збіраецца ў калонію: “У любым выпадку, калі мы з Дзімам размінёмся, я буду толькі шчасліва”.

***
Другім памілаваным стаў Фёдар Мірзаянаў. Як паведамілі ягонаму бацьку, Фёдара адпусцяць разам з Паўлам Вінаградавым і завязуць у Івацэвічы, адкуль вызваленыя на цягніку паедуць дадому.

***
Як паведаміла “Белсату” Святлана Гарохавік, жонка палітвязня Паўла Вінаградава, на волю з Івацэвіцкай калоніі выходзяць ейны муж і Фёдар Мірзаянаў.

***
Гэта ўжо трэцяя партыя вызваленых палітвязняў.

11 жніўня выйшлі на волю Васіль Парфянкоў, Уладзімір Яроменак, Віталь Мацукевіч, Зміцер Дрозд, Сяргей Казакоў, Арцём Грыбкоў, Яўген Сакрэт, Алесь Квяткевіч і Уладзімір Хамічэнка.

А 1 верасня “прынцыпы гуманнасці” выкарысталі для вызвалення Змітра Дароніна, Алеся Кіркевіча, Алега Гнедчыка і Андрэя Пратасені.

Да сённяшняга памілавання за кратамі заставаліся 16 асуджаных за масавыя закалоты ў Менску. Гэта трое экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва: Мікалай Статкевіч, Дзмітрый Вус і Андрэй Саннікаў – ды шараговыя ўдзельнікі Плошчы і чальцы выбарчых групаў кандыдатаў на прэзідэнцтва: Аляксандр Атрошчанкаў, Дзмітрый Новік, Аляксандр Малчанаў, Мікіта Ліхавід, Павел Вінаградаў, Алег Федаркевіч, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Буланаў, Зміцер Бандарэнка, Фёдар Мірзаянаў, Аляксандр Класкоўскі, Павел Севярынец і Ілля Васілевіч.

Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, сумняецца, што імя ейнага мужа ёсць у спісе 11 памілаваных фігурантаў справы аб масавых закалотах. “Упэўненая, што Саннікава ў гэтым спісе няма. Не ведаю чаму, але мне падаецца, што яго выпусцяць адным з апошніх”, – кажа Ірына Халіп. Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што ўказ падпісаны толькі з “прынцыпаў гуманнасці”: “Гэтак разумею, што ўжо ўсе, каго можна было ўгаварыць ці прымусіць падпісаць прашэнне аб памілаванні, вызваленыя. Засталіся тыя, хто прасіць аб памілаванні не згаджаецца”.

У сваю чаргу жонка яшчэ аднаго экс-кандыдата на прэзідэнта, Дзімтрыя Уса, Яўгенія, паведаміла, што пра чарговы указ даведалася ад журналістаў: “Зараз буду намагацца датэлефанавацца ў калонію, каб штосьці даведацца. Але я свята веру, што да новага года муж дакладна будзе дома. Калі не ў гэтым спісе, то ў наступным”, – кажа яна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары