Валюта з’явілася ў адзінкавых абменніках


Рэшта пакуль не спяшаецца выстаўляць гатоўку на продаж.

Карэспандэнт “Белсату” ў цэнтры Менску адшукаў толькі два абменнікі, дзе свабодна можна набыць долары, еўры і расейскія рублі. Гаворка ідзе пра “Парытэтбанк” і “Белсўісбанк”. Абодва яны месцяцца ў офісных будынках, чэргаў ля іх няма. Касіры адмаўляюцца казаць, колькі агулам паступіла ў пункт валюты, аднак заявілі, што могуць прадаць не больш за $ 2000.

На гэты момант самы выгадны курс куплі выставілі “Белпрамбудбанк” і “БТА-Банк” – Br 8500 за $ 1. Купляць валюту найлепш у “Тэхнабанку” і “Белсўісбанку” – за Br 8600. “Парытэтбанк” за долар просіць Br 9000, за еўра – Br 12 100. У абменніках “Белаграпрамбанку”, “Белінвестбанку” і “Беларусбанку” валюты пакуль няма. У апошнім – нават не змянілі курсаў на дошцы. Там па-ранейшаму долар каштуе Br 5400, а еўра – Br 7400. У буйных банках дагэтуль людзі сядзяць у чарзе, каб набыць долары ці еўра.

Дарэчы, расейскі рубель прадаюць танней за заяўлены курс на дадатковай сесіі – Br 305. Гэтак, у “Парытэтбанку” за яго прапаноўваюць Br 250. Эксперты адзначаюць, што завышаны курс расейскага рубля можа сведчыць пра тое, што і курс долара і еўра можа яшчэ павялічыцца днямі.

Намеснік старшыні Нацбанку Тарас Надольны адзначаў: “Курс будзе вышэйшы за дзейны афіцыйны нейкі прамежак часу – гэта звычайная практыка для такога роду інструменту”. Аднак пакуль перавышэнне ажно на 60 %.

Эканаміст Ірына Урбан звяртае ўвагу на тое, што ад сёння адмяняюцца ўсе папярэднія абмежаванні Нацыянальнага банку на выстаўленне курсаў у абменніках, таму першы час розніца можа быць вялікаю, але крыху пазней курсы маюць зблізіцца. “Людзі выказваюць вялікія спадзевы на тое, што валюта з’явіцца ў абменніках, але аб’ём гандляванняў на дадатковай сесіі склаў усяго $ 3 млн, у той час як адкладзены попыт ацэньваўся на $ 2,5–3 млрд. Нацбанк адсеяў шмат заявак, апроч таго, заяўкі ад юрыдычных асобаў нават не прымаліся. Наступныя сесіі вызначаць больш дакладны курс, а пакуль наяўнасць ці адсутнасць валюты ў абменніках рэгулюецца толькі самім банкам. Хтосьці рызыкуе, а хтосьці адмоўчваецца”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары