На рэканструкцыю ТЮГу няма грошай


Ужо больш за два гады будынак насупраць адміністрацыі прэзідэнта чакае рамонту.

Тым часам спектаклі Тэатру юнага гледача праходзяць на сцэне Дому літаратара – у будынку, які раней належаў Саюзу пісьменнікаў, а пасля быў захоплены адміністрацыяй прэзідэнта. “Будынак тэатру па вул. Энгельса закрылі на рамонт у 2009 г. Архітэктурны праект рэканструкцыі прайшоў экспертызу. Першапачаткова планавалася выдаткаваць 100 млрд руб. Потым бюджэт скарацілі да 60 млрд. Урэшце каштарыс рэканструкцыі зрэзалі да 37,5 млрд руб.”, – апавядае дырэктар тэатру Юрый Кулік. Але грошы Ленінскаму кіраўніцтву капітальнага будаўніцтва (арганізацыі, што адказвае за рэканструкцыю) гэтак і не паступілі. Такім чынам, працы адкладаюцца яшчэ на два гады – да 2013 г.

Працаўнікі тэатру звяртаюць увагу на тое, што рамонту тут не было з 1956 г. За гэты час састарэлі трубы, праводка, працякае дах – тут стала небяспечна заставацца. Шмат што залежыць ад таго, якім будзе новае абсталяванне. “Збіраліся набываць кітайскае, бо яно таннейшае. Тым часам італьянскае больш якаснае і можа праслужыць у пяць разоў даўжэй, але цяпер імкнуцца на ўсім зэканоміць”, – гавораць у тэатры.

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача мае больш як паўвекавую гісторыю. Першы ТЮГ быў адкрыты ў Менску ў 1931 г. і праіснаваў да ліпеня 1941 г. У 1956 г. Беларускі ТЮГ расчыніў свае дзверы зноў, а ў 2006 г. адзначалася ягонае 50-годдзе. Афіцыйна маштабная рэканструкцыя распачалася тут напрыканцы 2008 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары