Нацбанк дазволіў браць з замежнікаў валюту за медычныя і турпаслугі


Гэтак улады спадзяюцца прыцягнуць валюту ў краіну.

Ліст пра адпаведныя захады Нацыянальны банк накіраваў усім банкам дзеля выкарыстання ў працы ды інфармавання кліентаў. Агульны дазвол ахоплівае аказанне турыстычных паслугаў, паслугаў у сферы гатэльнага бізнесу і аздараўленчых установаў (санаторыяў, прафілакторыяў, дамоў адпачынку, турбазаў), медычных і навучальных паслугаў, стажавання і павышэння кваліфікацыі.

Эканаміст Ірына Урбан тлумачыць, што большасць турыстычных фірмаў, як і гатэльныя комплексы, і раней маглі прымаць валюту ў замежнікаў, бо мелі на гэта адмысловую ліцэнзію. “Такім чынам, гэтая пастанова закране толькі тыя ўстановы, якія ліцэнзіі не маюць. І за перавод грошай праз банк давядзецца выплаціць камісію”. Таму пастанова Нацбанку больш закране медычныя і культурныя ўстановы, дзе бываюць замежнікі.

Разлік валютаю спрашчаў бы атрыманне паслугаў для замежніка, аднак у беларускім варыянце разлічыцца наўпрост не атрымаецца. У кіраўніцтве інфармацыі Нацыянальнага банку патлумачылі: “Перавод грошай за паслугі будзе ажыццяўляцца праз банк. Кліенту мусяць выставіць рахунак – і ўжо тады ён легальна перавядзе грошы прадпрыемству ці ўстанове. Каб прымаць грошы на месцы, адмыслоўцы кампаніі перш маюць праходзіць адмысловае навучанне ў галіне нормаў валютнага заканадаўства”.

Дагэтуль Нацбанк пашырыў валютныя аперацыі для разліку за паліва. І цяпер на бензастанцыях замежнікі могуць аплачваюць тавары толькі валютаю.

belsat.eu

Стужка навінаў