“Белнафтахім” падвысіў кошты ў сёмы раз


Канцэрн “Белнафтахім” пацвердзіў інфармацыю аб чарговым — сёмым з пачатку года — павышэнні цэн на бензін і дызпаліва. З пачатку года бензін Аі-95 падаражэў у 1,53 разы, Аі-92 — у 1,6 разы, “Нармаль-80” — у 1,95 разы, дызпаліва — у 1,88 разы.

Увечары 13 верасня канцэрн апублікаваў паведамленне, у якім гаворыцца, што “ў мэтах паэтапнага ўраўноўвання цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза” рознічныя цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца праз АЗС, павялічваюцца ў сярэднім на 3% і з 14 верасня складаюць за 1 літр: бензіну “Нармаль-80” — 4.380 рублёў (было 4.240; рост на 3,3%), Аі-92 — 4.590 (4.460; +2,9%), Аі-95 — 4.950 (4.800; +3,1%), дызельнага паліва — 4.860 (4.720; +3%).

“Дзейныя рознічныя цэны на нафтапрадукты (з улікам павелічэння) застаюцца ніжэйшымі за ўзровень аналагічных цэн у Расійскай Федэрацыі на 2—4%”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У папярэднім паведамленні аб павышэнні цэн на паліва (20 жніўня) “Белнафтахім” падкрэсліваў, што “дзейныя рознічныя цэны (з улікам павелічэння) на аўтабензіны Аі-92 і Аі-95 застаюцца ніжэйшымі за ўзровень аналагічных цэн у Расійскай Федэрацыі на 3%”.

Сёлета цэны на паліва павышаліся 3 сакавіка (у сярэднім на 5%), 31 сакавіка (на 10%), 24 мая (на 20%), 7 чэрвеня (на 30%), 21 ліпеня (на 3%) і 20 жніўня (на 3%). 9 чэрвеня паводле патрабавання Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала на наступны дзень пасля масавай акцыі мінскіх аўтамабілістаў “Стоп-бензін”, цэны былі зніжаны на 13—22%.

З пачатку года бензін Аі-95 падаражэў у 1,53 разы, Аі-92 — у 1,6 разы, “Нармаль-80” — у 1,95 разы, дызпаліва — у 1,88 разы.

Чарговае павышэнне рознічных цэн на нафтапрадукты наўрад ці прывядзе да пратэстнай акцыі беларускіх аўтамабілістаў “Стоп-бензін”, заявіў дырэктар інфармацыйна-асветнай установы “За Аўто” Арцём Шаркоў. На яго думку, грамадскасць “знаходзіцца ў нейкая спячцы”. “Магчыма, людзі яшчэ не адышлі ад лета, а магчыма, пытанні харчавання і нарыхтоўкі на зіму людзей цяпер хвалююць больш, чым іншыя штодзённыя пытанні”, — адзначыў Шаркоў.

Цяпер у грамадстве назіраецца момант “абстрагавання ад гэтай сітуацыі не толькі ў асяроддзі аўтамабілістаў”, сказаў кіраўнік установы. Ён лічыць, што “ўсе замерлі ў чаканні таго, што будзе на валютным рынку краіны, і гэта ўплывае на праяўленне грамадзянскай актыўнасці”.

belsat.eu

Стужка навінаў