Гандляванні пад кантролем. Дзяржава будзе і прадаўцом, і пакупніком


Эканамісты чакаюць вынікаў гандляванняў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы з вельмі стрыманым аптымізмам.

“Гэта выкліканае перш за ўсё тым, што ўлады, урад і Нацбанк да гэтага часу не маюць гатовага сцэнара, паводле якога пройдуць гандляванні, – гаворыць фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі “Альпари” ў Менску Вадзім Ёсуб. – Яны, напэўна, самі не ведаюць, чаго чакаць, адпаведна, такія ж чаканні мае і рынак”.

Паводле экс-старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, улады маюць рычагі, каб стварыць бачнасць рынкавага працэсу: асноўнымі экспарцёрамі застаюцца дзяржаўныя прадпрыемствы, і дзяржава можа заахвоціць іх прынесці на гэтую сесію валюту. Галоўны ж пакупнік валюты – сама дзяржава, адпаведна, попыт можна скараціць адміністрацыйнымі метадамі. Праўда, у будучыні “гэта ж усё вылезе”, дадаў Багданкевіч. Ён мяркуе, што на гандляваннях можа ўсталявацца курс Br 7–8 тыс. за долар.

Вадзім Ёсуб лічыць больш рэальным курс Br 9–10 тыс., але пры гэтым дадае: “Вельмі вялікая імавернасць, што рэгулятар будзе імкнуцца да таго, каб курс быў ніжэйшы”.

Такога ж гледзішча прытрымліваецца і намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай палаты эканаміст Георгій Грыц. Паводле яго, можна чакаць, што дзяржава зробіць усё, каб курс на дадатковай сесіі не перакрочыў псіхалагічнага парогу: Br 9–10 тыс. за долар. Ён кажа, што як бізнес-супольнасць, гэтак і насельніцтва чарговай 50-адсоткавай дэвальвацыі можа, “мякка кажучы, не зразумець”.

Паводле ўсіх трох суразмоўцаў, умяшальніцтва дзяржавы ў гандляванні ў будучыні прывядзе да новага крызісу.

belsat.eu

Стужка навінаў