Крэдыт непатрэбны?


Афіцыйны Менск дагэтуль не падаў дакументаў на атрыманне другога траншу стабілізацыйнага крэдыту ад ЕўрАзЭС.

“Мы звярнуліся з просьбаю падаць дадатковыя дакументы, але на сёння мы іх пакуль не атрымалі”, – заявіў 13 верасня міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын на расейскім інвестыцыйным форуме.

Палітолаг Юрый Чавусаў мяркуе, што Менск зацягвае з падаваннем дакументаў таму, што не выконвае ўмоваў крэдыту: правядзення структурных рэформаў у эканоміцы ды ў першую чаргу поўнамаштабнай прыватызацыі прамысловых актываў. Але без вонкавага прыцёку фінансаў краіна не здолее выйсці з крызісу, упэўнены палітолаг.

Ці не вырашыў Менск адмовіцца ад крэдыту ЕўрАзЭС таму, што разлічвае атрымаць грошы ад Еўропы за вызваленне палітвязняў? (Інфармацыю два дні таму са спасылкаю на крыніцу ў МЗС Польшчы падало польскае выданне “Rzeczpospolita”.) Юрый Чавусаў лічыць гэта малаімаверным: “Хутчэй за ўсё, гэтую інфармацыю неабходна трактаваць такім чынам, што гэта беларускі рэжым за вызваленне палітвязняў просіць 2 млрд еўраў”. Палітолаг нагадвае, што Еўразвяз агучыў сваю пазіцыю дастаткова канкрэтна: вызваленне палітычных вязняў – неабходная ўмова пачатку любых перамоваў.

У адпаведнасці з пагадненнем Беларусь мае атрымаць з фонду ЕўрАзЭС 3 мільярды долараў цягам трох гадоў. Грошы паступяць у краіну некалькімі траншамі: 1,240 млрд долараў у 2011 годзе, каля 800 млн – у 2012 годзе і 1 млрд долараў – у 2013 годзе. Першы транш 800 млн долараў Беларусь атрымала ў чэрвені, другую частку разлічвае атрымаць увосень.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары