Зміцер Дашкевіч абвесціў галадоўку


Палітвязень намераны трымаць яе, пакуль адміністрацыя калоніі не выканае ягоных патрабаванняў: забяспечыць нармальныя пабытовыя ўмовы ў штрафным ізалятары ды вярнуць Біблію.

“Зміцер галадае не за вызваленне, ён галадае за годнае стаўленне да яго і да іншых вязняў. Спадзяюся, адміністрацыя калоніі пойдзе на кантакт і вырашыць гэтае пытанне”, – пракаментавала “Белсату” рашэнне Змітра Дашкевіча ягоная нявеста Наста Палажанка. Дзяўчына гаворыць, што пра намеры распачаць галадоўку маладафронтавец заявіў адвакату, які прыехаў сёння ў калонію.

Адвакат мусіў узяць удзел у судовым працэсе аб змене падабароннаму месца адбыцця пакарання з калоніі на турму закрытага тыпу. Аднак у калоніі высветлілася, што такой справы ўвогуле не існуе. Падчас сустрэчы Зміцер Дашкевіч паведаміў адвакату, што тэмпература ў ягонай камеры нічым не адрозніваецца ад вулічнай. Адміністрацыя калоніі не аддае вязню лісты, што прыходзяць з волі, у тым ліку і паведамленні ад абаронцы.

Стала таксама вядома, што 10 верасня Змітру Дашкевічу прапаноўвалі пісаць заяву на памілаванне, але ён адмовіўся. “Я добра ведаю Змітра, не ва ўсім з ім згаджаюся, але разумею ягоны выбар”, – зазначыла Наста Палажанка.

Кіраўніка “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча арыштавалі летась 18 снежня і асудзілі на 2 гады зняволення нібыта за напад і збіццё выпадковых мінакоў. Адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі № 9. Адміністрацыя турмы лічыць яго злосным парушальнікам рэжыму і неаднаразова змяшчала вязня ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Уплывовая праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Змітра Дашкевіча вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў