Партыю БНФ хочуць выселіць з новай сядзібы


Уласнік памяшкання раптоўна вырашыў прадаць сваю маёмасць.

Партыя БНФ можа застацца без новага юрыдычнага адрасу. Пасля ўрачыстай прэзентацыі сядзібы ў менскім офісным цэнтры на Крапоткіна 93а не прайшло і месяца, як уласнік памяшкання змяніў планы. Ён вырашыў прадаць сваю маёмасць, а пакупнік збіраецца разарваць дамовы з наймальнікамі. Гэта будзе азначаць, што апазіцыйнай партыі давядзецца шукаць новы офіс.

Нагадаем, што эпапея з высяленнем Партыі БНФ са старой сядзібы на праспекце Машэрава 8 цягнулася некалькі месяцаў. ЖРЭА Савецкага раёну, якому належала памяшканне, вырашыла не працягваць дамову арэнды праз спазненні ў аплаце. Партыйцы называюць гэтае рашэнне палітычна матываваным.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў, што цяпер вядуцца перамовы. Ён мяркуе, што магчымае высяленне звязана з актыўнаю дзейнасцю палітычнай структуры. “Нам удалося зрабіць з офісу на Крапоткіна 93а паўнавартасны цэнтр палітычнага жыцця, фактычна той самы, што быў на старой сядзібе. Гэта не фармальнае месца для юрыдычнага адрасу, да нас па-ранейшаму прыходзяць людзі, праводзяцца мерапрыемствы. Гэта і раздражняе ўладу”, – мяркуе экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта.

Цяперашні ўласнік памяшкання палітычнага складніка ў сітуацыі не бачыць: “Рашэнне залежыць толькі ад майго бачання развіцця бізнесу. У любым выпадку, пакуль што ніхто нікога не выганяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў