Лабковіч: Гэта адзіны ланцуг разгрому незалежнай адвакатуры


Старшыня Менскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандр Пыльчанка напісаў заяву аб спыненні сваіх паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. Зрабіў абаронца гэта пасля таго, як Міністэрства юстыцыі вырашыла яго датэрмінова адклікаць.

Аляксандр Пыльчанка не стаў чакаць, пакуль ягоны лёс вырашыць агульны сход сябраў калегіі, прызначаны на 24 верасня, і сышоў сам. Такім чынам, ён стаў ужо сёмым адвакатам, пазбаўленым права на прафесію праз датычнасць да крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня.

Аляксандр Пыльчанка ад любых каментароў з гэтай нагоды адмаўляецца. Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч ўпэўнены, што старшыня Менгаркалегіі вымушаны быў сысці з-за ціску Міністэрства юстыцыі. “Менская калегія адвакатаў актыўна вытупіла ў абарону сваіх калегаў, задзеяных у палітычных працэсах. З-за гэтага Міністэрства юстыцыі абвінаваціла Аляксандра Пыльчанку і ягоную каманду ў неканструктыўнай працы. Таму, безумоўна, гэта такі адзіны ланцуг разгрому незалежнай адвакатуры”, – гаворыць праваабаронца.

Разам з тым Уладзімір Лабковіч нагадвае, што, на жаль, спадар Пыльчанка сам спрычыніўся да рэпрэсіяў: узяў удзел у пазбаўленні магчымасці працаваць Паўла Сапелкі. “Працоўны лёс Аляксандра Пыльчанкі – гэта яскравы прыклад таго, што трэба не дамаўляцца з уладаю, а заўсёды прытрымлівацца той пазіцыі, што падказвае ўласнае сумленне”, – упэўнены Уладзімір Лабковіч.

Сёлета пазбавілі ліцэнзіяў абаронцу Уладзіміра Някляева Тамару Сідарэнку; Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія баранілі Ірыну Халіп; Алега Агеева, які бараніў Алеся Міхалевіча; адвакатку Таццяну Агееву, якая таксама ўдзельнічала ў вытворчасці следчых дзеянняў у справе 19 снежня, а таксама абаронцу Андрэя Саннікава Паўла Сапелку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, не менш за шэсць адвакатаў былі атэставаныя ўсяго на год, таксама зафіксаваныя выпадкі прыпынення дзеяння адвакацкіх ліцэнзіяў на розныя тэрміны.

belsat.eu

Стужка навінаў