Побач з Чэчнёю паўстануць гарналыжныя курорты


https://youtu.be/VcHL1QCrbso
https://youtu.be/SqyrHoX922U
Расея плануе інвеставаць у будаўніцтва $ 20 млрд. Мэта – стварыць новыя працоўныя месцы і развіваць эканоміку на Паўночным Каўказе, дзе краіна збіраецца правесці зімовую Алімпіяду 2014 г.

Будаўніцтва распачалося ў раёне Архызу (Карачаева-Чаркесія), прыкладна за 300 км на захад ад Чэчні. Тут маюць паўстаць адзінаццаць гатэляў, якія, паводле планаў, забяспечаць візіт 500 000 турыстаў на год. Праект рэкламуюць як найбуйнейшую турыстычную інфраструктуру краіны з сотнямі кіламетраў лыжных трасаў.

“Курорты Паўночнага Каўказу” – менавіта гэтая кампанія ўзначальвае праект, і яна заяўляе пра намер французскіх інвестараў удзельнічаць у фінансаванні будаўніцтва агульным коштам $ 15 млрд. Ідуць перамовы таксама з арабскімі ды паўднёвакарэйскімі кампаніямі.

Масква заяўляе, што новыя працоўныя месцы, створаныя на Паўночным Каўказе, адцягнуць мясцовую моладзь ад удзелу ў тэрарыстычных ды ісламісцкіх групоўках. Узровень беспрацоўя ў некаторых раёнах Паўночнага Каўказу сягае сёння 50 %.

Паводле старшыні рады дырэктараў “Курортаў Паўночнага Каўказу” Ахмеда Білалава, дзякуючы будаўніцтву знізіцца і ўзровень злачыннасці.

Крытыкі праекту кажуць, што Масква ўкідае ў рэгіён вялізныя грошы, каб гарантаваць падтрыманне мясцовых уладаў. Адток людзей з Паўночнага Каўказу стаўся сур’ёзнаю праблемаю для кіраўніка Расеі Дзмітрыя Мядзведзева і прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Сітуацыя на Паўночным Каўказе застаецца напружанаю. Сёлета там застрэлілі траіх турыстаў з Масквы, якія падымаліся на Эльбрус. Каб забяспечыць спакой на курортах і побач з імі, КПК вядзе перамовы пра сістэмы бяспекі з ізраільскаю і французскаю кампаніямі. Паводле дырэктара КПК Аляксея Неўскага, інвестарам гарантуюць абарону ад рызыкі ў памеры 70 % ад агульнай сумы інвестыцыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары