Прэтэндэнтаў засталося 10


Правяранне дакладнасці подпісаў пацвердзіла пераадоленне 100-тысячнага бар’еру дзесяццю прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка дзяржавы. Пра гэта БелаПАНу паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік.

Нагадаем, ЦВК зарэгістраваў 14 ініцыятыўных групаў вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцтва. Пра збор больш як 100 тысяч подпісаў аб’явілі 11 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Аднак большасць подпісаў, пададзеных дзеля падтрымання індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебску Уладзіміра Правальскага тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прызналі несапраўднымі.

Такім чынам, па выніках правярання сабраных подпісаў у прэзідэнцкай кампаніі працягваюць удзельнічаць:

– намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў;

– дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка;

– кіраўнік саюзу “За мадэрнізацыю” Алесь Міхалевіч;

– лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў;

– намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук;

– сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі;

– лідар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў;

– лідар аргкамітэту ў справе стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч;

– эканаміст Віктар Цярэшчанка;

– дырэктар ТДА “Трывіюм” Дзмітрый Вус.

Дакладная колькасць сапраўдных подпісаў стане вядомая праз пяць дзён, калі зацвердзяць звесткі па вобласцях і Менску. “Але можна сказаць, што правяранне подпісаў характарызаваліся звышлібералізмам”, – падкрэсліў Мікалай Лазавік.

Рэгістрацыя кандыдатаў на прэзідэнцтва будзе адбывацца з 14 да 23 лістапада ўключна.

belsat.eu

Стужка навінаў