Які будзе новы курс долара?


“Спадзяюся, эканамічная логіка пераможа – і курс будзе рынкавы. Ён мае быць блізкі да таго, які па-за воляю эканамічных уладаў усталяваў чорны рынак: а менавіта каля 6500 рублёў, можа – 7000, з улікам адбытай інфляцыі”, – мяркуе фінансавы аналітык Сяргей Чалы. На ягоную думку, курс долара, вышэйшы за гэты ўзровень, – неабгрунтаваны.

Ад заўтрашняга дня мае распачацца працэс пераходу да адзінага курсу беларускага рубля. Пры гэтым Нацыянальны банк скасуе межавыя значэнні абменных курсаў, паводле якіх могуць ажыццяўляцца купля-продаж і канверсія замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку.

Аднак раней галоўны банк краіны заяўляў, што не мае намеру цалкам адмаўляцца ад уздзеяння на валютны рынак. Нацыянальны банк Беларусі гатовы выкарыстаць золата-валютныя рэзервы краіны дзеля “згладжвання асобных спекуляцыйных ваганняў” курсу беларускага рубля на біржавой дадатковай валютнай сесіі. Ці гэта будуць сапраўды спробы пагасіць спекуляцыйныя ваганні, ці намаганні надалей штучна ўтрымліваць курс рубля? “Калі курс будзе ў той ці іншай ступені кіраваны, калі нейкі ўзровень курсу паставіць сабе Нацбанк “у галаве”, гэта азначае, што гэты ўзровень трэба будзе абараняць, а гэта магчыма толькі шляхам траты золата-валютных рэзерваў”, – падкрэсліў Сяргей Чалы.

“Наш цэнтральны банк мусіць зрабіць даволі не звыклую для яго працу – ён дзесяць гадоў вучыўся кіраваць курсам, а цяпер трэба навучыцца не рабіць гэтага”, – дадаў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў